Пошук

01.01.2020 08:08   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Фота: Мікола Гракаў, Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Пасля святаў Божага Нараджэння ў парафіях праходзіць традыцыйная «Каляда». Аднак, як паказвае практыка, не ўсе добра ўсведамляюць, дзеля чаго святары ходзяць па дамах вернікаў.

Што такое «Каляда»?

Тое, што ў размоўнай гаворцы мы найчасцей называем «Калядой», насамрэч з’яўляецца пастырскім наведваннем сем’яў.

Парафіі ахопліваюць пэўную тэрыторыю, і душпастыры, якія нясуць у іх служэнне, ходзяць па дамах вернікаў, якія жывуць на гэтай тэрыторыі.

Звычайна гэтыя наведванні вернікаў у іх дамах адбываюцца ў перыяд Божага Нараджэння і нагадваюць старадаўнюю традыцыю калядавання.

Што робіць святар падчас «Каляды»?

Святары ходзяць «па Калядзе» не так, як гэта рабілі і яшчэ дзе-нідзе робяць калядоўшчыкі, хоць пэўнае падабенства і існуе. Калядоўшчыкі сваімі спевамі абвяшчалі радасць Нараджэння Хрыста і жадалі ўсялякага дабра гаспадарам.

Святар таксама моліцца разам з гаспадарамі, удзяляе ім благаслаўленне і акрапляе дом асвячонаю вадою.

Як і калядоўшчыкам, гаспадары звычайна дзякуюць святару за супольную малітву і благаслаўленне дома, складаючы сімвалічнае ахвяраванне.

Аднак не трэба адмаўляцца ад запрашэння святара з-за складанага матэрыяльнага становішча: мэта наведвання сем’яў — пастырская, а не «камерцыйная». Інакш кажучы, за «Каляду» не трэба «плаціць».

Дзеля чаго патрэбна «Каляда»?

Мэта касцёльнай «Каляды» не ў тым, каб сабраць ахвяраванні, хоць яны таксама патрэбныя на розныя парафіяльныя выдаткі. Душпастырам перш за ўсё неабходна ведаць, колькі вернікаў жыве ў іх парафіі і якія яны маюць духоўныя патрэбы.

Як кажа папа Францішак, добры пастыр павінен «ведаць пах сваіх авечак».

Гэта значыць, што святару неабходна сустракацца з людзьмі не толькі ў касцёле, але і ў іх дома, каб плённа спадарожнічаць ім у духоўным жыцці.

Вернікі могуць быць упэўненымі ў тым, што ўсё, пра што святар даведаецца, наведаўшы іх дом, застанецца толькі паміж імі.

Як арганізуецца «Каляда»?

Зазвычай у парафіяльным касцёле на Імшах робяцца абвесткі, калі і дзе святары будуць «хадзіць па Калядзе».

У парафіях, на тэрыторыі якіх пражывае вялікая колькасць людзей, можа практыкавацца індывідуальная дамоўленасць, калі вернікі, якія жадаюць запрасіць да сябе святара, асабіста дамаўляюцца на канкрэтны час. Гэта асабліва актуальна ў вялікіх гарадах.

Вельмі важна, каб падчас пастырскага наведвання святара ўсе члены сям’і былі дома, нават калі сярод іх ёсць прадстаўнікі іншых канфесій або няверуючыя.

Калі ў вызначаны час сустрэць святара не атрымліваецца, варта загадзя папярэдзіць яго пра гэта і, па магчымасці, дамовіцца на іншы час або прынамсі даць неабходныя звесткі ў парафіяльнай канцылярыі. Вельмі важна таксама своечасова паведамляць свайму пробашчу пра змену месца жыхарства.

Як выглядае пастырскае наведванне сем’яў?

Святар прыходзіць у дом у вызначаны час. Акрамя супольнай малітвы ён праводзіць размову, у якой удакладняе склад сям’і і духоўныя патрэбы паасобных членаў.

Атрыманыя пры гэтым звесткі могуць быць выкарыстаны толькі для духоўнага дабра вернікаў і ні ў якім выпадку не ў іншых мэтах.

Святар дакладна пацікавіцца тым, як выглядае сакрамэнтальнае жыццё яго парафіянаў: ці яны жывуць у касцёльным шлюбе, як часта прыступаюць да споведзі і Камуніі. Калі ў сям’і ёсць дзеці, ён спытаецца ў іх пра поспехі на занятках па рэлігіі, папросіць паказаць сшытак і распішацца ў ім.

Што трэба падрыхтаваць да «Каляды»?

У месцы, дзе сям’я звычайна збіраецца на малітву, якое павінна быць у кожным доме, неабходна падрыхтаваць крыж, асвячоную ваду і крапіла (калі няма, яго можна замяніць пэндзлікам або галінкаю ялінкі ці ядлоўца), запаліць свечку, дастаць дзіцячыя сшыткі па катэхезе, каб потым іх не шукаць.

Усё гэта можна падрыхтаваць на стале, заслаўшы яго прыгожым абрусам.

Калі ў доме ёсць рэлігійныя рэчы, якія неабходна благаславіць, іх таксама можна пакласці на стол.

Чаго не варта рабіць падчас «Каляды»?

Нават калі ў сям’і ёсць людзі пажылыя або цяжка хворыя, падчас пастырскага наведвання сем’яў не прадугледжана споведзь і ўдзяленне Камуніі, калі толькі з сур’ёзнай прычыны са святаром зараней пра гэта не дамовіліся. Усё гэта неабходна было зрабіць перад святамі Божага Нараджэння.

«Каляда» — гэта супольная малітва і духоўная размова, а таксама знаёмства з умовамі жыцця вернікаў, што неабходна святару ў яго душпастырскім служэнні.

Не варта таксама настойліва частаваць святара, калі пра гэта не было папярэдне дамоўлена. Нават простае дзяленне аплаткамі падчас каляднага наведвання можа аказацца нязручным з меркаванняў гігіены.

Калі святар прымае запрашэнне сесці разам з сям’ёю за святочны стол, на ім ні ў якім выпадку не можа быць алкаголю.

Абноўлена 23.02.2020 22:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.