Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
«МІР ЯК ШЛЯХ НАДЗЕІ, ДЫЯЛОГ, ПАЯДНАННЕ І ЭКАЛАГІЧНАЕ НАВЯРТАННЕ»
Каментар да Паслання папы Францішка на 53-і Сусветны дзень міру 1 студзеня 2020 г.
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. У першы дзень новага года Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі. Мы перажываем час Божага Нараджэння, калі разважаем пра таямніцу Богаўцелаўлення, якая распачала новую эру ў гісторыі чалавецтва — эру збаўлення. У гэты час Касцёл асаблівым чынам таксама ўспамінае Найсвяцейшую Панну Марыю, якая нарадзіла Збаўцу. З Марыяй распачаўся новы час. З Яе імем Касцёл распачынае Новы год.
Традыцыйна ў гэты дзень Папа звяртаецца да людзей добрай волі ўсяго свету са сваім Пасланнем на Сусветны дзень міру, які сёння адзначаецца ўжо ў 53-і раз. Сёлетняе Пасланне папы Францішка «Мір як шлях надзеі, дыялог, паяднанне і экалагічнае навяртанне» прысвечана шляху надзеі, у якой няма месца страху. Гэты шлях міру складаецца з дыялогу, паяднання і экалагічнага навяртання.
Пасланне Папы складаецца з пяці частак:
- Мір, шлях надзеі перад абліччам нязгоды і выпрабаванняў;
- Мір, шлях слухання, які грунтуецца на памяці, салідарнасці і братэрстве;
- Мір, шлях паяднання ў братэрскай камуніі;
- Мір, шлях экалагічнага навяртання;
- Атрымліваем столькі, колькі спадзяемся.
2. У першай частцы пад назваю «Мір, шлях надзеі перад абліччам нязгоды і выпрабаванняў» папа Францішак, нагадваючы пра мір як мэту нашай надзеі, падкрэслівае, што ён з’яўляецца вельмі каштоўным дабром.
Надзея, аб якой гаворыць Пантыфік, з’яўляецца цнотай. Яна кажа нам вырушыць у дарогу, дае крылы, каб імкнуцца наперад нават тады, калі здаецца, што нельга перамагчы перашкоды на гэтым шляху. Надзея таксама азначае, што нельга будаваць міру на страху ўзаемнага знішчэння або на пагрозе абсалютнага знішчэння. Ён магчымы толькі зыходзячы з глабальнай этыкі салідарнасці і супрацоўніцтва ў служэнні будучыні, якая фармуецца праз супольную залежнасць і адказнасць чалавецтва.
Разважаючы пра магчымасці ўстанаўлення справядлівага міру, папа Францішак крытыкуе спробы ўтрымання раўнавагі і стабільнасці ў свеце шляхам запалохвання ядзернай зброяй. Пры гэтым Пантыфік падкрэслівае, што ўмовай перамогі над дынамікай недаверу ёсць імкненне да праўдзівага братэрства, якое грунтуецца на супольным паходжанні ад Бога; братэрства, якое рэалізуецца праз дыялог і ўзаемны давер. Прага міру глыбока ўкаранёна ў сэрцы чалавека, і таму нельга адмаўляцца ад яе і згаджацца на нешта меншае.
3. У другой частцы Паслання «Мір, шлях слухання, які грунтуецца на памяці, салідарнасці і братэрстве» Папа звяртае ўвагу на неабходнасць будаваць мір на захаванні памяці, а таксама на салідарнасці і братэрстве. Узгадваючы свой нядаўні візіт у Японію і сустрэчу з ахвярамі атамнай бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі, Святы Айцец падкрэслівае значэнне памяці, каб не паўтараць мінулых памылак і не прапанаваць зманлівых прыкладаў мінулага.
Пантыфік падкрэслівае, што памяць з’яўляецца перспектывай надзеі, бо ў цемры ваенных канфліктаў яна можа натхніць на адважныя рашэнні, вызваліць новую энергію і запаліць новую надзею.
Пошук шляху міру з’яўляецца вельмі складаным і патрабуе звярнуцца да сумлення, а таксама палітычнай і асабістай волі. Мір зыходзіць з глыбіні чалавечага сэрца, а палітычная воля павінна ўмацоўвацца, каб распачаць новыя працэсы, якія аб’ядноўваюць асобы і грамадствы.
Свет патрабуе не пустых словаў, а сведкаў і адкрытых для дыялогу без выключэння і маніпуляцыі будаўнікоў міру. Ва ўзаемным слуханні ўзрастае пазнанне і пашана да іншых людзей.
Далей Святы Айцец зазначае, што мірны працэс з’яўляецца справай цярплівага пошуку праўды і справядлівасці. Ён таксама патрабуе грамадскага выхавання, у якім разам з веданнем сваіх правоў павінна быць месца і для ведання пра свае абавязкі. Касцёл прымае ўдзел у імкненні да справядлівага ладу праз служэнне супольнаму дабру, нясенне хрысціянскіх каштоўнасцяў, маральнае навучанне, а таксама належнае выхаванне і ўдзел у грамадскім жыцці. Пры гэтым Касцёл падтрымлівае імкненні да справядлівага ладу і ўзрошчвае надзею на мір.
4. У трэцяй часцы Паслання «Мір, шлях паяднання ў братэрскай камуніі» Папа падкрэслівае, што братэрства з’яўляецца ўмовай будавання міру. Біблія заклікае нашыя сумленні да прымірэння з Богам і іншымі людзьмі. Непрымальнай з’яўляецца практыка панавання адных над іншымі, бо мы ўсе — дзеці аднаго Бога, таму адно аднаму з’яўляемся братамі і сёстрамі. Толькі выбіраючы шлях пашаны, можна перамагчы спіраль помсты і выйсці на шлях надзеі.
Мір мае глабальнае вымярэнне. Ён ахоплівае не толькі грамадскія справы, але таксама палітычную і эканамічную дзейнасць. Таму ніколі не будзе трывалага міру, пакуль мы не будзем здольнымі будаваць справядлівую гаспадарчую сістэму.
5. У чацвёртай частцы Паслання «Мір, шлях экалагічнага навяртання» Папа закранае тэму экалагічнага навяртання з мэтай зрабіць зямлю нашым супольным домам. Бог даў нам зямлю, каб мы карысталіся ёю і каб пра яе клапаціліся (гл. Быц 2, 15) для будучых пакаленняў. Экалагічнае навяртанне вядзе да новага погляду на жыццё, што бярэ пад увагу шчодрасць Творцы, які даў нам зямлю і заклікае да разважлівага карыстання яе багаццямі.
Гэтае навяртанне неабходна разумець інтэгральна як перамену адносін з нашымі братамі і сёстрамі, з іншымі жывымі стварэннямі, з Творцам, які ёсць крыніцай усялякага жыцця.
6. У апошняй, пятай частцы Паслання «Атрымліваем столькі, колькі спадзяемся» Папа заклікае жыць надзеяй, каб мы паверылі, што мір, дыялог, паяднанне, братэрства і экалагічнае навяртанне магчымыя. Шлях прымірэння патрабуе цярплівасці і даверу. Нельга дасягнуць міру, калі мы на яго нават не спадзяемся. Гаворка ідзе пра веру ў магчымасць міру, а таксама пра веру ў тое, што іншыя людзі таксама яго жадаюць.
Нярэдка прычынай канфлікту становіцца страх. Таму вельмі важна выйсці па-за межы нашай чалавечай боязі, прызнаць сябе нэндзнымі дзецьмі Бога, які нас любіць і чакае, як айцец марнатраўнага сына (гл. Лк 15, 11–24).
Пантыфік таксама заахвочвае да культуры сустрэчы, якая адыходзіць ад культуры пагрозы. Кожная сустрэча дае новы шанц і становіцца дарам любові Бога. Яна пераадольвае межы нашых абмежаваных гарызонтаў, каб імкнуцца да жыцця ў братэрстве дзяцей адзінага Нябеснага Айца.
Шлях культуры сустрэчы павінен падтрымлівацца сакрамэнтам паяднання. Гэты сакрамэнт аднаўляе духоўна і заклікае глядзець на Езуса, які паяднаў з сабою ўсё (пар. Клс 1, 20) і які просіць адмовіцца ад усялякага гвалту ў нашых думках, словах і ўчынках як у адносінах да бліжніх, так і да ўсяго стварэння.
Напрыканцы папа Францішак заахвочвае ўсіх людзей добрай волі станавіцца будаўнікамі справядлівасці і міру.
7. Такім чынам мы бачым, што сёлетняе Пасланне папы Францішка на Суветны дзень міру з’яўляецца важным заклікам да разважання над праблемай міру. Гэтыя разважанні заклікаюць да грамадскага і палітычнага дыялогу на шляху пошуку гармоніі з прыродай, асабліва ў галіне гаспадаркі, якая выкарыстоўвае натуральныя багацці зямлі.
Экалагічнае навяртанне з’яўляецца новым поглядам на жыццё. Гэта не што іншае, як новая форма ўшанавання годнасці чалавека, што вынікае з прысутнасці Бога ў кожным з нас.
8. Дарагія браты і сёстры!
Мы распачынаем Новы 2020 год. Распачынаем яго разам з Багародзіцай, якая нарадзіла свету Збаўцу. Распачынаем з Пасланнем папы Францішка на Дзень міру.
Пры Нараджэнні Езуса анёльскія хоры спявалі гімн «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі мір людзям добрай волі», таму справа абвяшчэння міру з’яўляецца місіяй Хрыста. Гэтая місія пераходзіць і на нас, хрысціянаў, і мы павінны прыкласці максімум намаганняў, каб захаваць мір у нашай Бацькаўшчыне і ва ўсім свеце. Гэта магчыма толькі праз захаванне міру ў нашых сэрцах, да чаго вядзе нас нашае асабістае і экалагічнае навяртанне, дух салідарнасці і братэрства.
Марыя, Каралева міру, дапамажы нам у выкананні гэтага такога важнага і актуальнага задання, каб мы сталі носьбітамі міру.
Віншую ўсіх вас з Новым годам і жадаю, каб кожны яго дзень быў напоўнены добрымі справамі ў Божай ласцы. Няхай час, у які Божы Провід нас уводзіць, стане часам нашага духоўнага ўдасканалення і часам рэалізацыі нашых планаў.
Давяраючы ўсіх вас апецы Багародзіцы, ад усяго сэрца благаслаўляю на Новы год у імя Айца, + і Сына, і Святога Духа. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня ККББ
Выкарыстаная літаратура:
Папа Францішак. Пасланне на Дзень міру 2020: «Мір як шлях надзеі, дыялог, паяднанне і экалагічнае навяртанне».
P.S. Святары могуць прачытаць або выкарыстаць гэты каментар у гаміліі на святых Імшах 1 студзеня 2020 г.