Пошук

30.12.2019 11:21   Тэкст: кс. Сяргей Дабрагост MSF, Анастасія Грышан, Мікола Гракаў / Фота: Максім Угорыч / Catholic.by

29 снежня, у свята Святой Сям’і, у мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены ўрачыстай цэлебрацыяй з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча завяршыўся пастырскі год, які ў Касцёле на Беларусі праходзіў пад дэвізам «Сям’я — крыніца радасці і надзеі моладзі».

У гэтым асаблівым святкаванні ў гонар Святой Сям’і ўзялі ўдзел таксама прадстаўнікі ўсіх касцёльных супольнасцяў і рухаў, так ці інакш звязаных з душпастырствам сем’яў. Разам з кіраўніком беларускага каталіцкага епіскапату, які апошнім часам шмат пастырскага клопату прысвячае праблемам сужэнства і сям’і, удзельнікі дзякавалі Богу за свае сем’і і за душпастырскую апеку Касцёла.

У святочнай атмасферы ўзносіліся малітвы аб благаслаўленні для маладых сем’яў, аб трываласці і згодзе для сем’яў, якія перажываюць крызісы.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр нагадаў, што сям’я — «першы Богам створаны сацыяльны інстытут як непарыўны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, нараджэння патомства і яго выхавання». Яна «мае ключавае значэнне ў жыцці як Касцёла, так і грамадства».

«Сёння, у свята Святой Сям’і, мы дзякуем Богу за ўсе дары і ласкі гэтага года. Дзякуем розным рухам, якія прысвячаюць сваё служэнне сем’ям, — адзначыў іерарх. — Колькі розных мерапрыемстваў, канферэнцый, сімпозіумаў, набажэнстваў адбылося ў гэтым годзе! Яны былі праведзены не „для галачкі“, каб разлічыцца перад курыяй і напісаць у СМІ, але як адказ на выклік нашага часу, якім з’яўляецца глыбокі крызіс інстытуту сям’і ў нашай краіне.

Хвароба беларускай сям’і стала хранічнай, і яе неабходна лячыць як мага хутчэй, бо яна можа прывесці да трагічнага фіналу».

«Як захаваць беларускую сям’ю, каб яна была крыніцай жыцця, а таксама радасцю і надзеяй моладзі і ўсяго нашага грамадства?» — паставіў пытанне арцыбіскуп. Па яго словах, у вырашэнні праблем сям’і вялікая роля належыць касцёльным рухам, якія клапоцяцца пра сям’ю.

Арцыпастыр звярнуў увагу, што два Сіноды Біскупаў у 2014 і 2015 гг., прысвечаныя сям’і, вучэнне папы Францішка і вучэнні папярэдніх Пантыфікаў, асабліва св. Паўла VI, св. Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта ХVI, «прасякнутыя не толькі клопатам пра стан сучаснай сям’і, але і пошукам спосабаў вырашэння яе праблем».

Аднымі з галоўных сярод гэтых праблем «з’яўляюцца падрыхтоўка маладых да шлюбу і суправаджэнне сужэнскіх пар, асабліва тых, якія знаходзяцца ў крызісе».

«Штодзённая практыка паказвае, што так званы перадшлюбны курс для нарачоных — гэтага занадта мала. Неабходная больш сур’ёзная фармацыя, прысвечаная сакрамэнту сужэнства, яго непарыўнасці і мэце», — адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Згадваючы, што ў сужэнстве, як і ў кожнай іншай сферы міжчалавечых адносін, можа з’явіцца крызіс, іерарх адзначыў, што найлепшым лекарам гэтай хваробы з’яўляюцца «сямейныя рухі з іх багатым досведам». Тут між іншым «вельмі добрым спосабам з’яўляецца душпастырскае суправаджэнне сужонкаў у крызісных сітуацыях».

«У гэтым змаганні за здаровую сям’ю неабходна звяртацца з дапамогай да Бога, — падкрэсліў арцыпастыр. — Езус кажа, што без Яго нічога не зробім. Недастаткова толькі гарызантальных высілкаў. Патрэбны і вертыкальныя, дапамога з боку Бога».

Па словах арцыбіскупа, адносна сітуацыі сям’і неабходна сказаць: «Завяршаецца год сям’і, але няхай не завершацца намаганні ў справе яе ратавання і ўмацавання».

Іерарх заклікаў сямейныя рухі «не пераставаць клапаціцца пра беларускую сям’ю і бараніць яе». «Будучыня сям’і — гэта будучыня Беларусі. Няхай дзякуючы вам яна сапраўды стане нашай радасцю і надзеяй, і душой нашай нацыі», — пажадаў ён.

У працэсіі на ахвяраванне сужонкі розных пакаленняў прынеслі да алтара дары, што стала выразам няспыннага супольнага клопату пра дабро і любоў у сям’і. Першым дарам сталі заручальныя пярсцёнкі — сімвал сужэнскага кахання, вернасці, сумленнасці і быцця разам ажно да смерці. Іх прынеслі на алтар як знак малітвы аб згодзе і еднасці ў сем’ях, а таксама аб захаванні асноваў хрысціянскага жыцця.

Яшчэ адна сужэнская пара прынесла пінеткі як выраз адкрытасці і гатоўнасці прыняць кожнае жыццё: народжанае і ненароджанае, якое можа развівацца і расці толькі сярод людзей з сэрцам, здольным ахапіць іншых любоўю.

Перад урачыстым благаслаўленнем прысутныя сужэнскія пары аднавілі абяцанні, дадзеныя падчас шлюбу.

Пасля Імшы адбылося дзяленне аплаткай з сем’ямі, прадстаўнікамі касцёльных сямейных рухаў і тымі, хто займаецца душпастырствам сем’яў.

 

Абноўлена 30.12.2019 11:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа