Пошук

12.12.2019 12:41   Catholic.by

Найбольш урачыстай і велічнай формай благаслаўлення ў Каталіцкім Касцёле з’яўляецца Апостальскае, або Папскае благаслаўленне, якое Святы Айцец удзяляе непасрэдна ці праз іншую асобу. Атрымаць яго можна і ў Беларусі. Пра тое, якім падарункам яно стала для яе, распавяла Ванда Букштан — адна з тых людзей, якія яго ўжо атрымалі.

Хвала Хрысту!

Хачу падзяліцца з вамі радасцю, якая для мяне ў пэўным сэнсе стала падзеяй.

Так склалася, што ў гэтым годзе ў нас з маёй маці выпадае юбілей. Гэта асаблівы момант, калі хочацца падзякаваць Богу за дар жыцця і за тыя ласкі, якімі Хрыстус шчодра нас адорваў. Прыемна, калі пра цябе нехта памятае і віншуе цёплымі словамі, жадаючы апекі Духа Святога і Божага благаслаўлення праз заступніцтва Божай Маці. Яшчэ большая радасць напаўняе маё сэрца тады, калі мой уласны сын, маючы дар Хрыстовага святарства, цэлебруе ў гэты дзень святую Імшу за мяне і маю матулю.

Аднак гэтым яшчэ не скончылася.

Каб падкрэсліць святочны настрой з нагоды юбілею, сын падарыў нам Апостальскае благаслаўленне. Для нас гэта быў яшчэ адзін важны момант, калі нават не хацелася стрымліваць слёз радасці.

Усведамленне таго, што нас благаслаўляе сам папа Францішак праз пасрэдніцтва свайго пасланніка ў якасці Апостальскага нунцыя, не толькі дадае асаблівы характар святочнага настрою, але і дае пачуццё еднасці з тым, пра каго мы пастаянна памятаем у сваіх малітвах. Гэта ж намеснік св. Пятра, той, каму не абыякавы лёс кожнага чалавека. Заўсёды молімся за яго і будзем маліцца, каб Бог даваў яму ласкі і сілы ў кіраванні Касцёлам.

Варта рабіць прыемныя падарункі падобнага характару, асабліва тады, калі гэта зрабіць стала нашмат прасцей. Цяпер гэтае благаслаўленне будзе знаходзіцца на ўшанаваным месцы.

Ванда Міхайлаўна Букштан

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.