Пошук

08.08.2019 10:25   Catholic.by

Для таго, каб атрымаць спецыяльнае благаслаўленне папы Францішка — асабістае, для сям’і або супольнасці, — не трэба ехаць у Рым: неўзабаве гэта можна будзе зрабіць праз наш сайт.

Cлова «благаслаўленне» мае глыбокі сэнс: гэта і адабрэнне, і дапамога, і задатак ласкаў ад самога Пана. Спакон вякоў хрысціяне прасілі благаслаўлення, калі распачыналі нейкую важную справу, вырушалі ў дарогу, збіралі ўраджай, браліся шлюбам…

Благаслаўленнем перадусім называюць дзеянне Пана, які спасылае сваю ласку чалавеку, групе асоб, цэлай супольнасці або ўсяму народу.

Благаслаўленнем з’яўляецца таксама заклік святара з просьбай пра спасланне Божай ласкі, а таксама яго дазвол на вызначаную дзейнасць ці ўчынак. Згода бацькоў — гэта таксама благаслаўленне.

Вымаўляючы словы «Няхай благаславіць  цябе Бог», людзі жадаюць бліжняму поспеху ў добрай справе або ў пераадоленні цяжкага выпрабавання і заклікаюць Бога дапамагчы яму. На заканчэнне кожнай святой Імшы вернікі таксама атрымліваюць ад святара Божае благаслаўленне.

У Евангеллі благаслаўленне часта азначае пажаданне або віншаванне з нагоды атрыманых дароў, цнотаў ці спрыяльнай сітуацыі. Найбольш вядомыя евангельскія благаслаўленні — гэта тыя, якія былі абвешчаныя Езусам у Казанні на гары. Восем з іх былі запісаныя евангелістам Мацвеем (гл. Мц 5, 3) і чатыры — евангелістам Лукой (гл. Лк 6, 20).

Найбольш урачыстай і велічнай формай благаслаўлення ў Каталіцкім Касцёле з’яўляецца Апостальскае, або Папскае благаслаўленне, якое Святы Айцец удзяляе непасрэдна ці праз іншую асобу, напрыклад, праз свайго прадстаўніка — Апостальскага нунцыя або іншага біскупа.

Асаблівая форма Апостальскага благаслаўлення — дыплом, выпісаны на спецыяльным пергаміне, выдадзены ад імя Святога Айца Ватыканскім бюро Апостальскай дабрачыннасці (Elemosineria Apostolica). Прынцыпы службы Апостальскай дабрачыннасці склаліся яшчэ ў ХІІІ ст. падчас пантыфікату папы Грыгорыя Х.

У ХІХ ст. Папа Леў ХІІІ, каб палегчыць збор сродкаў на дзейнасць Апостальскай дабрачыннасці, пачаў ад свайго імя ўдзяляць Апостальскае благаслаўленне ў выглядзе дыплома на пергаміне, сапраўднасць якога пацвярджалася подпісам і пячаткай Папскай канцылярыі. З 1893 года Апостальскае благаслаўленне можна атрымаць з той ці іншай значнай нагоды.

У Беларусі падобныя Апостальскія благаслаўленні выдае афіцыйнае прадстаўніцтва Святога Пасаду ў нашай краіне —  Апостальская Нунцыятура, а іх распаўсюджванне даручана Ордэну Меншых Братоў Капуцынаў.

Каб падкрэсліць адметнасць і народныя традыцыі нашага краю, дызайнерка Таццяна Ржэўская распрацавала дыплом па матывах слуцкіх паясоў: тут, здавалася б, някідкія, але такія мілыя сэрцу беларускія кветкі-краскі арганічна ўплятаюцца ў шаўковую аснову. Урачысты выгляд надаюць дыплому партрэт Папы і залатая пячатка з ключамі святога Пятра — сімвалам папскай улады.

Атрымаць Апостальскае благаслаўленне можна з наступных нагодаў:

  • Хрост
  • Першая Камунія
  • Канфірмацыя
  • Сакрамант сужэнства
  • Прэзбітэрскае пасвячэнне
  • Прынясенне манаскіх абяцанняў
  • Кансэкрацыя ў дзявоцтве ў свеце
  • Пасвячэнне ў сталы дыяканат
  • Гадавіна сакрамэнту сужэнства
  • Гадавіна святарскага пасвячэння
  • Гадавіна манаскіх абяцанняў
  • Дзень народзінаў, юбілей
  • Асвячэнне касцёла
  • Заснаванне ўстановы / арганізацыі
  • Гадавіна асвячэння касцёла
  • Гадавіна заснавання ўстановы / арганізацыі
  • Іншая нагода

Апостальскае благаслаўленне можа быць удзелена як асобе, так і манаскай, парафіяльнай ці іншай касцёльнай супольнасці або той ці іншай установе.

Абавязковай умовай для атрымання Апостальскага благаслаўлення павінна стаць пісьмовая рэкамендацыя ад святара або біскупа.

Дыплом афармляецца пасля пакрыцця адміністрацыйных выдаткаў у выглядзе добраахвотнага ахвяравання.

Магчымасць падаць заяўку на атрыманне Апостальскага благаслаўлення ў адпаведнай форме ўжо хутка з’явіца на нашым сайце. Сачыце за навінамі.

Абноўлена 08.08.2019 11:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.