Пошук

10.12.2019 13:14   Тэкст: Анастасія Грышан / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

9 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Эўхарыстыю ў касцёле свяьтога Станіслава ў Санкт-Пецярбургу. Яна была прысвечана ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і 30-годдзю біскупскага служэння беларускага іерарха, жыццё якога цесна звязана з горадам на Няве.

У гэтым горадзе ён вучыўся ў політэхнічным інстытуце ў 1964–70 гг., часта прыязджаў туды, калі служыў біскупам у Расіі ў 1991–2007 гг. У другой палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя іерарху ўдалося вярнуць гістарычны касцёл св. Станіслава, які ў свой час быў дамавой святыняй першага Магілёўскага Мітрапаліта Станіслава Богуша-Сестранцэвіча.

У гаміліі арцыбіскуп нагадаў пра праўду нашай веры аб Беззаганным Зачацці Панны Марыі, якая моцаю будучых заслуг Яе Сына Езуса Хрыста была вызвалена ад першароднага граху.

Такім чынам Бог падрыхтаваў Яе да прыняцця Божай волі з мэтай нарадзіць Збаўцу, адзначыў іерарх і дадаў, што Езус — гэта сама святасць, таму Марыя, як першы табэрнакулюм, павінна была быць без граху.

Догмат аб Беззаганным Зачацці Марыі быў абвешчаны папам Піем IX у 1854 г. Гэта быў адказ на выклікі таго часу, калі Карл Маркс назваў рэлігію опіумам для народу, нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч. Тэхнічная рэвалюцыя, якая адбывалася тады, стала прычынай росту сацыяльнай несправядлівасці і амаральных звычак. Як знак супрацьстаяння гэтым негатыўным тэндэнцыям у галіне маральнасці Папа прадставіў вобраз Найчысцейшай Багародзіцы і заклікаў браць з Яе прыклад. Праз чатыры гады Марыя падчас аб’яўленняў у Люрдзе назвала сябе Беззаганна Зачатай, што было пацвярджэннем гэтага догмату.

Разважаючы над першым чытаннем гэтага дня, дзе гаворыцца пра грэх Адама і Евы, іерарх звярнуў увагу, што Бог, ідучы па райскім садзе і не бачачы іх, кліча: «Адам, дзе ты?» Адам і Ева схаваліся, бо сталі саромецца сваёй галізны.

Арцыбіскуп дадаў, што Адам і Ева сталі смяротнымі, і іх смяротнасць перадалася ўсім пакаленням. Першародны грэх з яго наступствамі парушэння гармоніі чалавечай прыроды і схільнасцю да граху пераходзіць з пакалення на пакаленне. Гэта грахоўны палон, з якога людзей выбавіў Хрыстус, які нарадзіўся з Панны Марыі. Таму ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Марыі мае выключнае значэнне ў гісторыі збаўлення.

Сёння, адзначыў арцыпастыр, Бог таксама задае пытанне: «Чалавек, дзе ты? Ты можаш стаць перад Богам ці хаваешся ад Яго? Ты апрануты ці голы?» Гаворка не аб фізічным адзенні, а аб адзенні Божай ласкі, якую мы атрымліваем у Касцёле праз служэнне святароў.

Арцыбіскуп падзякаваў Богу за тое, што ў студэнцкія гады меў магчымасць практыкаваць сваю веру ў Ленінградзе, дзе дзейнічаў толькі адзін касцёл Маці Божай Люрдскай.

Падзякаваў ён і за 30 гадоў біскупскага служэння, 16 з паловай з якіх прыпадае на Расію, у тым ліку і на Санкт-Пецярбург.

Іерарх падкрэсліў, што горад на Няве ў царскія часы быў цэнтрам Каталіцкага Касцёла ў Расійскай імперыі. Тут дзейнічалі духоўная семінарыя і акадэмія, тут былі выхаваны святары і біскупы, якія потым супрацьстаялі атэістычнаму рэжыму. Сярод іх нямала мучанікаў, адным з якіх з’яўляецца першы святар-мучанік атэістычнага рэжыму ў Савецкім Саюзе кс. прэлат Канстанцін Будкевіч, пробашч парафіі св. Кацярыны на Неўскім праспекце, беатыфікацыйны працэс якога вядзецца зараз.

Памятная дошка ў гонар гэтага святара нядаўна была ўсталявана ў касцёле св. Станіслава. Гэтая святыня ў апошнія часы стала як быццам пантэонам мучанікаў часоў ганенняў на Касцёл у Расіі. Тут знаходзіцца вялікая табліца з іх імёнамі.

Гэты пантэон дапоўніўся памятнай дошкай у гонар кс. Канстанціна Будкевіча, якую адкрыў і благаславіў пасля Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч.

Канстанцін Будкевіч нарадзіўся ў 1867 г. пад Краславай (сёння Латвія). Скончыў духоўную семінарыю і духоўную акадэмію ў Санкт-Пецярбургу. У 1893 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, служыў у Пскове, Віцебску, потым у Санкт-Пецярбургу. Быў выбітным грамадскім дзеячам, арганізоўваў духавенства для абароны правоў вернікаў, займаўся дабрачыннасцю. У 1918 г. актыўна выступаў за вызваленне арыштаванага савецкімі ўладамі мітрапаліта Эдуарда Роппа. З 1922 г. прафесар падпольнай семінарыі. Адмовіўся ад магчымасці патаемна пакінуць СССР, каб «бальшавікі не помсцілі іншым святарам». У 1923 г. быў арыштаваны разам з арцыбіскупам Цеплякам і святарамі. Расстраляны ў ноч на Вялікдзень з 31 сакавіка на 1 красавіка 1923 г.

Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што кс. Будкевіч і шмат іншых мучанікаў аддалі жыццё за веру і Касцёл. Дзякуючы ім вера адраджаецца і ўмацоўваецца.

Таксама арцыпастыр падзякаваў вернікам за малітвы ў яго інтэнцыі з нагоды 30-годдзя біскупскага служэння, заахвоціў заставацца вернымі хрысціянскаму пакліканню і сваім сведчаннем бараніць прынцыпы Евангелля, як кнігі жыцця і шчасця.

 

Абноўлена 12.12.2019 11:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа