7 снежня ў кляштары сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса ў Гудагаі прайшоў дзень малітвы для дзяўчат пад дэвізам: «Што можаш зрабіць сёння, не адкладвай на заўтра».
Духоўным кіраўніком падчас гэтай малітоўнай прыгоды быў айцец Павел Герман OCD з Нарачы.
У канферэнцыі святар асаблівую увагу звярнуў на цноту пакоры ў жыцці. Ён адзначыў, што быць пакорным азначае, перш за ўсё, стаць у праўдзе перад самім сабой.
Акрамя таго, у канференцыі ўдзельніцы пачулі тэрмін «духоўная лянота». Пазней дзяўчаты прызналіся, што адкрыццём для іх быў факт, што існуе лянота не толькі фізічная, але і духоўная. Адразу паўстала пытанне: «Як змагацца з гэтай лянотай?»
На сустрэчы было заўважана, што лянота — гэта значыць адкладваць нешта на пазней альбо не рабіць чагосьці ўвогуле. Лянота можа таксама прывесці да роспачы.
Лекамі супраць ляноты, як параіў айцец Павел Герман, могуць быць такія справы, як жыць сённяшнім днём, чыніць дабро, рэгулярна маліцца, прымаць святыя сакрамэнты, чытаць Святое Пісанне. Таксама, як было адзначана, варта стаць у пакоры і сказаць сабе: «Без Бога нічога не зраблю!»
Як было падкрэслена падчас сустрэчы, там, дзе ёсць пакора, няма месца для ляноты. Таму, што можна зрабіць сёння, не трэба адкладваць на заўтра.