У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі 8 снежня распачаліся традыцыйныя калядныя сустрэчы з удзелам іерархаў, першай з якіх сёлета стала сустрэча біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB са студэнтамі і выкладчыкамі «Школы сямейнага жыцця» ў Мінску.
Мерапрыемства распачалося святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці.
У прамоўленым у Другую нядзелю Адвэнту Божым слове іерарх нагадаў, што менавіта Марыя з’яўляецца Зоркай Адвэнту. Разважаючы над прапанаванымі Касцёлам на гэты дзень літургічнымі чытаннямі, біскуп Яшэўскі нагадаў, што калі Адам і Ева сваёю непаслухмянасцю парушылі лучнасць з Богам, гэта прывяло да трагічных наступстваў. Першародны грэх не толькі разбурае сяброўства і даверлівыя адносіны з Богам, але таксама сее ўнутраны неспакой і знішчае гармонію ў адносінах паміж людзьмі.
«Таму Марыя, новая Ева, павінна стаць для нас узорам і прыкладам на дарозе да Бога. У Марыі мы вучымся разважлівасці, глыбіні размовы з Богам, слуханню таго, што нам кажа Бог, і ўменню прымаць рашэнні згодна з Божай воляй.
Паслухмянасць і пакора — тыя цноты, якія адрознівалі Марыю, — з’яўляюцца прыкладам для ўсіх хрысціянаў», — падкрэсліў біскуп Яшэўскі.
Пасля святой Імшы шасцёра выпускнікоў «Школы сямейнага жыцця» атрымалі дыпломы і благаслаўленне з рук пастыра Касцёла на служэнне ў сферы сямейнай і сужэнскай кансультацыі.
Другая частка мерапрыемства, якую падрыхтавалі слухачы першага курса, была напоўнена святочным настроем і радасцю. Студэнты падзяліліся сваімі талентамі, правялі захапляльную віктарыну і падрыхтавалі для ўсіх сувеніры ад святога Мікалая.
Напрыканцы сустрэчы біскуп Аляксандр Яшэўскі благаславіў аплаткі — сімвал любові, еднасці і дабрыні — і, дзелячыся імі з прысутнымі, пажадаў усім быць заўжды гатовымі прыйсці на дапамогу іншым, дзяліцца радасцю і любоўю з тымі, каго сустрэнуць на дарозе свайго жыцця.