З 2 па 5 снежня ў Браціславе (Славакія) адбылася сустрэча юрыдычных кансультантаў пры Радзе Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы. Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прадстаўляў кс. Дзмітрый Пухальскі, канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі 22 біскупскіх канферэнцый Еўропы. Узначаліў мерапрыемства кардынал Анджэло Баньяска, старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы.
Асноўнай тэмай было абмеркаванне пытанняў, звязаных з правядзеннем рэформаў кананічных судовых працэсаў у справе прызнання несапраўднасці сужэнства.
Гэтая рэформа была праведзена папам Францішкам у 2015 годзе, калі быў выдадзены апостальскі ліст у форме motu proprio Mitix Iudex Dominus Iesus.
Удзельнікі выслухалі даклады прафесара Мігеля Анджэло Орціза, спецыяліста ў галіне кананічнага сужэнскага права з рымскага ўніверсітэта Santa Croce, прафесара кананічнага і касцёльнага права Венерандо Марано з рымскага ўніверсітэта Tor Vergata і іншых дакладчыкаў. Таксама кожны з удзельнікаў прадставіў сітуацыю ў сваёй краіне, звязаную з працай касцёльных трыбуналаў.
Акрамя таго, адбылася дыскусія наконт падрыхтоўкі маладых людзей да сакрамэнту сужэнства. Падчас яе было зазначана, што сёння інстытут сям’і сапраўды перажывае цяжкасці, спраў аб несапраўднасці сужэнстваў у судовых трыбуналах становіцца ўсё больш, але пры правядзенні працэсаў, асабліва пасля рэформы, неабходна памятаць, што навука Касцёла адносна адзінства і непарыўнасці сужэнства застаецца пастаяннай.