Пошук

30.11.2019 09:00   Grodnensis.by

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч
ПАСТЫРСКІ ЛІСТ НА ПЕРШУЮ НЯДЗЕЛЮ АДВЭНТУ 2019 ГОДА

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі Гродзенскай дыяцэзіі!

Мы распачынаем сёння ў Касцёле вельмі важны час — перыяд Адвэнту, які з’яўляецца пачаткам новага літургічнага года. У чарговы раз будзем адзначаць на працягу года розныя падзеі з гісторыі збаўлення, а асабліва з жыцця нашага Збаўцы Езуса Хрыста, якія нагадваюць нам праўду пра бясконцую любоў Бога да чалавека і пра Божы план збаўлення ўсяго чалавецтва. У разважанні над гэтымі праўдамі веры і перажыванні іх нам дапаможа літургія Касцёла праз адпаведна падабраныя тэксты Святога Пісання, якія будуць чытацца падчас кожнай святой Імшы.

Перыяд Адвэнту з’яўляецца таксама непасрэднай падрыхтоўкай да святаў Божага Нараджэння. Ужо праз няпоўны месяц мы будзем перажываць радасць ад прыйсця ў свет Сына Божага, які стаўся чалавекам, каб праз сваю муку, смерць і ўваскрасенне здзейсніць справу адкуплення і адчыніць для нас усіх брамы да вечнага жыцця. Каб годна сустрэць Езуса Хрыста ў таямніцы Яго Нараджэння, трэба належна падрыхтаваць уласныя сэрцы, ачысціць і ўпарадкаваць сумленне, аднавіць веру і ажывіць прагненне жыцця ў з’яднанні з Панам Богам.

У сённяшніх біблійных чытаннях мы чуем вельмі канкрэтныя ўказанні, якія дапамогуць нам добра, глыбока і плённа перажыць Адвэнт, які распачынаецца. Найперш трэба, каб мы ўсвядомілі, што ўся гісторыя чалавецтва, а значыць і наша зямное жыццё, з’яўляецца своеасаблівым «адвэнтам» — чаканнем сустрэчы з Панам. Таму прачытаны сёння фрагмент Евангелля скіроўвае наш позірк да апошніх часоў, калі Езус Хрыстус прыйдзе зноў у гэты свет, каб учыніць суд над жывымі і памерлымі. Не ведаем і не можам ведаць, калі настане гэты момант сустрэчы са Збаўцам, таму чуем сёння з Яго вуснаў заклік да чування: «Будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце» (Мц 24, 44).

Чуваць — значыць верыць, што Езус прыйдзе, і быць гатовым да сустрэчы з Ім кожную хвіліну. Супрацьлегласцю чування з’яўляецца жыццё легкадумнае і бесклапотнае, абыякавае да Божага слова, сканцэнтраванае выключна на зямных справах і пазбаўленае духоўных каштоўнасцяў. Як прыклад поўнай адсутнасці чування Пан Езус падае біблійны вобраз жыцця людзей перад патопам. Тыя людзі не думалі пра ўласную будучыню, не рабілі высноваў са знакаў, якія даваў ім Бог як нагоду да навяртання, абыякава праходзілі каля Ноя, які будаваў каўчэг, і нават не заўважылі, як здарыўся патоп.

Ужо сёння, на пачатку Адвэнту, паспрабуем спыніцца і спытаць сябе, ці не закранула нас падобная духоўная абыякавасць, ці не займаюць клопаты аб зямных справах надта шмат месца ў нашых сэрцах, ці не страцілі мы здольнасці слухаць Пана Бога і фармаваць уласнае жыццё згодна з вучэннем Езуса Хрыста. Адвэнт з’яўляецца для нас цудоўнай нагодай да больш уважлівага ўслухоўвання ў голас нашага сумлення, да ўглядання ва ўласнае сэрца, да прыняцця высілку ўнутранай перамены, якую называем навяртаннем.

Няхай заахвочваннем да актыўнага, руплівага і плённага перажывання асаблівага часу ласкі, якім з’яўляецца Адвэнт, будуць словы святога апостала Паўла з Паслання да Рымлянаў: «Вы ведаеце, што настала ўжо пара, каб вы абудзіліся са сну, бо цяпер збаўленне бліжэй да нас, чым тады, калі мы паверылі. Ноч мінула, і наблізіўся дзень. Таму адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла» (Рым 13, 11–12).

Дарагія браты і сёстры! З верай, пакорай і любоўю прымем запрашэнне да навяртання, якое Пан Бог скіроўвае ў Адвэнт да кожнага з нас. Выкарыстаем гэты час добра і творча, не дазволім, каб ён прайшоў бясплённа і не пакінуў ніякага трывалага следу ў нашай душы.

Заахвочваю кожнага з вас выкарыстаць духоўную дапамогу, якую Касцёл прапануе вернікам на час адвэнтавага чування.

Вельмі прыгожая, красамоўная адвэнтавая традыцыя — удзел у раратніх святых Імшах у гонар Маці Божай. Пастараемся наведваць іх цэлымі сем’ямі, разам з дзецьмі і ўнукамі. Няхай удзел у раратніх Імшах будзе выразам нашай любові да Найсвяцейшай Маці, якая для кожнага хрысціяніна з’яўляецца ўзорам чакання з верай прыйсця Збаўцы.

Не забудзем пра тое, каб прыступіць у Адвэнт да сакрамэнту пакаяння і паяднання, каб мы маглі з чыстым сэрцам, у стане ласкі сустрэць Езуса Хрыста ў святы Яго Нараджэння.

Згодна з традыцыяй, пастараемся перажываць кожны дзень Адвэнту ў атмасферы засяроджання і ўнутранай сцішанасці, пазбягаючы гучных гульняў, празмерных забаваў і ўсяго, што можа перашкодзіць нашай духоўнай падрыхтоўцы да сустрэчы з Хрыстом. Пастараемся знайсці больш часу на асабістую і сямейную малітву, на чытанне Божага слова, дапамогу бліжнім, якія знаходзяцца ў патрэбе.

Таксама нагадваю вам, дарагія вернікі Гродзенскай дыяцэзіі, што сёння мы распачынаем у Касцёле на Беларусі душпастырскі год, прысвечаны святому Яну Паўлу ІІ. Такім чынам мы хочам ушанаваць юбілей 100-годдзя нараджэння гэтага Вялікага Папы, які прыпадае ў наступным годзе, а таксама пазнаёміцца бліжэй з яго вучэннем і багатай духоўнай спадчынай, якую ён пасля сябе пакінуў.

Папскі год мы будзем перажываць пад дэвізам «Адчыніце дзверы Хрысту». Гэтыя словы былі ўзятыя з казання, якое Ян Павел ІІ прамовіў у дзень інаўгурацыі пантыфікату, 22 кастрычніка 1978 года. Сёння, з перспектывы часу, мы выразна бачым, якім дальнабачным і прарочым быў гэты заклік, наколькі істотна ён перамяніў наш кантынент і ўвесь свет. Хоць прайшло больш за 40 гадоў, гэты гістарычны заклік святога Яна Паўла ІІ застаецца па-ранейшаму актуальным. Таму няхай у перажыванні Адвэнту, які распачынаецца, і ўсяго папскага года нам спадарожнічаюць словы, якія ў далёкім 1978 годзе прагучалі з моцай на плошчы Святога Пятра ў Рыме: «Не бойцеся, адчыніце, адчыніце насцеж дзверы Хрысту. Для Яго збаўчай улады адчыніце межы дзяржаў, эканамічных і палітычных сістэм, шырокія сферы культуры, цывілізацыі, развіцця! Не бойцеся! Хрыстус ведае, што носіць унутры чалавек. Ён адзін гэта ведае! Сёння часта чалавек не ведае, што хаваецца ў яго ўнутры, у глыбіні яго душы і сэрца. Так часта ён не ведае сэнсу жыцця на гэтай зямлі і агорнуты сумненнем, якое ператвараецца ў роспач. Дазвольце ж, прашу вас, прашу вас з пакорай і даверам! Дазвольце Хрысту прамаўляць да чалавека! Ён адзін мае словы жыцця, так, жыцця вечнага».

Дарагія браты і сёстры! Жадаю вам усім поўнага сапраўднай радасці і шчодрага на духоўныя плёны перажывання Адвэнту. Няхай гэты час ласкі наблізіць кожнага з вас да Хрыста, які ўжо хутка зноў напоўніць радасцю нашыя сэрцы ў таямніцы свайго Нараджэння. Няхай на адвэнтавым шляху веры спадарожнічае вам сваім мацярынскім заступніцтвам Найсвяцейшая Панна Марыя — Світанак нашага збаўлення.

На добрую падрыхтоўку да святаў Божага Нараджэння кожнага з вас, дарагія вернікі Гродзенскай дыяцэзіі, ад усяго сэрца благаслаўляю.

+ Аляксандр Кашкевіч, біскуп Гродзенскі

Абноўлена 30.11.2019 09:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця