Пошук

21.11.2019 12:41   Тэкст і фота: Зінаіда Панкевіч / Catholic.by

17 лістапада ў гомельскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося ўрачыстае ўнясенне рэліквій адзінаццаці благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка, а таксама працэсія вакол капліцы з рэліквіямі.

Па запрашэнні пробашча парафіі а. Леанарда Адушкевіча OSPPE на гэтую ўрачыстасць прыбылі тры назарэтанкі, якія распавялі гісторыю пра сведчанне сястры Стэллы і 10 яе паплечніц, мучаніц. Гэтыя сёстры падчас Другой сусветнай вайны цаной свайго жыцця ўратавалі ад смерці жыхароў Навагрудка і ксяндза Аляксандра Зянкевіча, мясцовага пробашча і капелана сясцёр.

4 верасня 1929 г. дзве сястры назарэтанкі прыбылі ў Навагрудак па запрашэнні біскупа Зыгмунта Лазінскага. Тады горад належаў да Пінскай дыяцэзіі.

Але тут яны спаткаліся з відавочнай непрыхільнасцю з боку мясцовай улады. Яны нават не маглі знайсці сабе месца для жылля. Таму яны вырашылі напісаць два лісты, да Генеральнай настаяцельніцы Кангрэгацыі і да біскупа Зыгмунта Лазінскага, з просьбай атрымаць дазвол на выезд з Навагрудка назаўсёды. І ў хуткім часе атрымалі два вельмі падобныя адказы.

Біскуп Лазінскі напісаў: «Навагрудка не пакідаць, на пасадзе трываць! Такая воля Божая і мая». Генеральная настаяцельніца напісала: «Рашуча і цвёрда трываць на пасадзе, саступіць нам нельга, тут гаворка ідзе пра дом пад назвай Хрыста Валадара. Ён павінен перамагчы; нам трэба змагацца за Яго Валадарства. Трэба бясстрашна перамагчы ўсе цяжкасці, бо там адбудуцца вялікія падзеі». Сёстры засталіся, і ў хуткім часе сітуацыя пачала змяняцца.

Спакойнае жыццё працягвалася да пачатку ваенных дзеянняў. А ў ноч з 17 на 18 ліпеня 1943 года немцы, якія акупавалі Навагрудак у 1941 г., арыштавалі каля 120 чалавек з намерам іх расстраляць, у асноўным мужчын.

Бачучы велізарнае людское цярпенне, сястра Стэлла сказала ксяндзу Аляксандру Зянкевічу: «Мой Божа, калі патрэбная ахвяра з жыцця, няхай лепш нас расстраляюць, чым тых, хто маюць сем’і, — мы нават молімся аб гэтым».

Неўзабаве сёстры даведаліся, што збіраюцца арыштаваць і іх капелана, кс. Зянкевіча. Тады падчас наступнай сустрэчы сястра Стэлла сказала яму: «Божа мой, святар, капелан больш патрэбны ў гэтым свеце, чым мы. Таму цяпер молімся аб тым, каб Бог лепш нас забраў, чым ксяндза, калі яшчэ патрэбная далейшая ахвяра».

31 ліпеня 1943 года сясцёр выклікалі ў камісарыят. Там з імі адбылася жорсткая размова. А 1 жніўня 1943 года яны былі расстраляныя ў лесе за горадам. Бог прыняў іх ахвяру пасля жудаснай ночы ў гестапаўскай вязніцы. Такім чынам, сёстры засведчылі, што любоў мацнейшая за смерць.

Дзякуючы іх ахвяры, ніводзін з мужчын, у тым ліку і ксёндз, не быў расстраляны.

Святы папа Ян Павел ІІ 5 сакавіка 2000 г. сказаў: «Адкуль у іх (сясцёр) былі сілы, каб ахвяраваць сябе дзеля арыштаванных жыхароў Навагрудка? Адкуль яны чэрпалі мужнасць, каб спакойна прыняць такі жорсткі і несправядлівы прысуд? Бог паступова рыхтаваў іх да вялікага выпрабавання. Зерне ласкі было кінута ў глебу іх сэрцаў падчас хросту. Пазней яно, акружанае клопатам і працай, глыбока ўкаранілася і прынесла шчодры ўраджай — дар свайго жыцця».

У парафіі будуць адбывацца набажэнствы праз заступніцтва благаслаўлёных сясцёр-мучаніц, падчас якіх будуць чытацца інтэнцыі вернікаў, якія можна запісваць у адмысловую кнігу.

Абноўлена 02.12.2019 15:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа