21 лістапада ў касцёле святога Яна Хрысціцеля, што ў сталічным мікрараёне Серабранка, прайшла чарговая сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Мінскай вобласці.
Пасля супольнай малітвы Літургіі Гадзінаў да сабраных звярнуўся ксёндз Ігар Лашук, які распавёў пра нябеснага Апекуна Касцёла на Беларусі святога Міхала Арханёла і пра перэгрынацыю яго фігуры з італьянскага санктуарыя ў Гаргана, што цяпер адбываецца па парафіях нашай краіны.
Цэлебрацыю святой Імшы ў межах дня засяроджання ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У прамоўленай гаміліі іерах звярнуў увагу душпастыраў на неабходнасць лепш распазнаваць знакі часу.
«Мінуў час адраджэння Касцёла — настаў час душпастырства. Трэба быць бліжэй да вернікаў, да парафіянаў і больш шчыльна супрацоўнічаць з імі», — падкрэсліў біскуп Касабуцкі.
Ён таксама правёў арганізацыйную частку сустрэчы, падчас якой былі абмеркаваны бягучыя пытанні жыцця мясцовага Касцёла і пастырскія планы на бліжэйшую будучыню. Перадусім біскуп падзякаваў святарам за наведванне могілак і спецыяльныя набажэнствы падчас актавы малітваў за памерлых.
Іерарх нагадаў, што 22 лістапада ў Вільні адбудзецца перапахаванне парэшткаў нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў вызвольнага паўстання 1863–1864 гг. У цырымоніі перапахавання бярэ ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначальвае беларускую касцёльную дэлегацыю, у якую ўвайшлі таксама Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, пяць святароў лацінскага абраду і трое грэка-каталіцкіх прэзбітэраў.
Паколькі 1 снежня распачынаецца Адвэнт — час радаснага чакання прыйсця Збаўцы і падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння, — біскуп Юрый Касабуцкі заахвоціў святароў арганізоўваць рэкалекцыі і спецыяльныя набажэнствы для вернікаў у гэты асаблівы літургічны перыяд.
На заканчэнне сустрэчы Генеральны вікарый звярнуў увагу ўдзельнікаў на тое, што 29 снежня, у свята Святой Сям’і, у Касцёле на Беларусі завершыцца пастырскі год, прысвечаны сям’і як радасці і надзеі моладзі. Дэвіз наступнага пастырскага года, прысвечанага святому Яну Паўлу ІІ, — «Адчыніце дзверы Хрысту».