17 лістапада ў мінскай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ прайшоў чацвёрты баль Усіх Святых — вясёлае хрысціянскае святкаванне, нашмат больш цікавае і пазітыўнае за навязаны заходняй мас-культурай паганскі «хэлоўін».
Як паведамляе парафіяльны сайт Jan.by, выбіраць святога, прыдумваць касцюм, ствараць малюнак — гэта ўжо традыцыйныя справы для дзяцей падчас восеньскіх канікул. Пакуль дзеці з дапамогаю бацькоў рыхтаваліся, святары, сёстры і самыя актыўныя парафіяне ладзілі сустрэчы, каб абмеркаваць тэму і дэвіз сёлетняга Балю.
Нарэшце з’явілася ідэя, якую так важна патлумачыць дзецям — «Святасць праз вернасць».
Перад вачыма паўстае постаць святога Максімільяна, сцэны з жыцця якога сталі асновай для спектаклю.
Закупка падарункаў, стварэнне сцэнарыя, пошук актораў, спробы рэалізацыі ідэі на сцэне, выпрабаванне гукаапаратуры і праца над расстаноўкай святла — гэта толькі некаторыя этапы шматдзённай працы арганізацыйнай групы. Уся каманда зноў і зноў збіраецца разам, каб прыдумаць конкурсы для дзяцей, размеркаваць працу, падрыхтаваць бэйджы, дэкарацыі і рэквізіт. І ўвесь час працягваюцца рэпетыцыі спектакля…
Нарэшце доўгачаканы дзень настаў. Па традыцыі ўдзельнікаў балю гасцінна сустракае Анёл Юзік: менавіта ў гэтым вобразе парафіяне звычайна бачаць свайго пробашча ксяндза Алега Шпеця TChr.
А вось вікарыя парафіі ксяндза Уладзіміра Марушэўскага TChr не адразу можна пазнаць — задумваюцца і дарослыя, і дзеці. Безумоўна, яму вельмі пасуе касцюм святога папы Яна Паўла ІІ. Жадаючых атрымаць фотаздымак з сястрой Кларай вельмі шмат: на час балю яна ператварылася ў благаслаўлёную Францішку. Не абмінаюць увагай і сястру Агнешку, якая невыпадкова для свята абрала вобраз святой Агнешкі.
Наогул, касцюмы шматлікіх удзельнікаў — сёлета іх было каля 250 — з кожным годам становяцца ўсё больш цікавымі і тэхнічна складанымі.
Творча да справы падыходзяць і дзеці. Відавочна, што без дапамогі бацькоў не абышлося, але гэта насамрэч вельмі радуе. Чым прываблівае маленькіх католікаў той ці іншы святы, можна толькі здагадвацца: на балі можна сустрэць шмат мучанікаў і святых з вельмі складанымі лёсамі. Але менавіта разнастайнасць святых заўсёды з’яўляецца асаблівасцю парафіяльнага балю.
Пасля агульнага прывітання ўсе ўдзельнікі разам з сем’ямі былі запрошаныя на тэатральную пастаноўку. Падчас яе кожны глядач перажыў хвалюючае знаёмства з жыццём святога мучаніка Другой сусветнай вайны айца францішканіна Максімільяна Марыі Кольбэ.
Дзеці і дарослыя па-рознаму рэагавалі на ўбачанае, але многія, напэўна, задумаліся аб вернасці і над тым, як цяжка захаваць яе ажно да смерці.
Пасля спектаклю ўдзельнікі збіраюцца ў зале, гучыць музыка, танчаць не толькі дзеці, але і бацькі. Гучна і весела працягваецца супольны вечар. Надышоў момант выканання заданняў. Выконваючы кожнае з шасці заданняў, удзельнік атрымлівае асаблівую адзнаку: карона на яго бэйджыку з белай ператвараецца ў чырвоную (гэта, дарэчы, сімвалы з жыцця святога Максімільяна).
З невялікім перапынкам на пачастунак, танцы і спевы, у якіх галасы сотняў святых зліліся ў адзін, каб праславіць Бога, працягваецца час выканання заданняў.
Тут у чарзе сустрэліся святая Тэрэза са святым Францішкам, святы Ян Павел ІІ з царом Давідам, святая Уршуля са святой Жаннай д’Арк, два анёлы Божыя на зямлі і іншыя выдатныя постаці Нябеснага Ерузалема.
Тых, хто скончыў выконваць заданні, чакае Марыя, якая прагне, каб кожны ўпрыгожыў Яе абраз уласнай кветачкай з імем свайго святога. Марыя ўся ў кветках! Арганізатарам сапраўды ўдалося сабраць цэлае поле духмяных кветак для Найлепшай Матулі.
Баль працягваецца ўжо амаль тры гадзіны, але ніхто не спяшаецца разыходзіцца. Анёл Юзік і святы Вялікі Папа зноў клічуць усіх у тэатральную залу. Ксёндз Алег дзякуе ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі свята; дзякуе таксама кожнаму дзіцяці за адказную падрыхтоўку і ўдзел. Кожнага ўдзельніка чакае падарунак, але спачатку падвядзенне вынікаў конкурсу малюнкаў і традыцыйная латарэя.
Вясёлыя ўсмешкі і развітанні без шкадаванняў, бо ўсе ведаюць, што ў наступным годзе зноў будзе баль Усіх Святых.