Пошук

13.11.2019 15:52   Падрыхтаваў: Кс. Ігар Лашук, Мікола Гракаў / Фота: Ганна Бачынская / Catholic.by

13 лістапада Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў тры крыжы на новабудоўлі касцёла святога Казіміра ў Стоўбцах і ўзяў удзел у іх усталяванні.

З 50-х гадоў мінулага стагоддзя, з таго часу, калі савецкая ўлада разбурыла касцёл святога Казіміра, пабудаваны ў 1645 годзе, у Стоўбцах перастала існаваць месца каталіцкага культу. Толькі ў 1999 годзе, калі ў райцэнтры была пабудавана капліца, тутэйшыя католікі нарэшце змаглі збірацца на супольную малітву ў сваёй святыні. Але капліца занадта маленькая і не можа змясціць усіх вернікаў стаўбцоўскай парафіі.

Некалькі гадоў у Стоўбцах будуецца новы касцёл, і ўсё ўжо было падрыхтавана для ўсталявання на ім крыжоў.

Падчас набажэнства, цэлебрацыю якога ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, іерарх благаславіў тры крыжы на будынку касцёла. Апошні, чацвёрты крыж будзе ўсталяваны пасля завяршэння будаўніцтва галоўнай вежы.

У прамоўленым падчас цырымоніі благаслаўлення і ўсталявання крыжоў слове арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч засяродзіўся на сімволіцы і значэнні Крыжа ў гісторыі збаўлення і ў жыцці хрысціяніна.

«Езус сваёй пасхальнай таямніцай смерці і ўваскрасення выбавіў чалавецтва з палону граху. Дзякуючы гэтаму крыж, вядомы як прылада жудаснай смерці, стаў знакам збаўлення. Крыж з’яўляецца сімвалам любові Бога да чалавека і знакам надзеі», — падкрэсліў іерарх.

«Не трэба баяцца Крыжа — ён дае сэнс нашаму жыццю.

З хрысціянскага пункту гледжання жыццё чалавека нельга ўспрымаць толькі як нараджэнне, працу, цярпенні і смерць, якой усё завяршаецца. Перад намі вечнасць, да якой вядзе Крыж», — дадаў арцыбіскуп.

Ён адзначыў, што тры крыжы над стаўбцоўскім касцёлам будуць паказваць усім, хто на іх глядзіць, шлях да неба. Нагадаўшы, што крыж спадарожнічае хрысціяніну ад моманту хросту да пахавання, арцыпастыр звярнуў увагу на сімвалічнае значэнне таго, што адзін з усталяваных крыжоў будзе знаходзіцца на так званай «сігнатурцы» — касцёльнай вежачцы, дзе знаходзіўся невялікі звон, які званіў у самы важны момант святой Імшы.

«Касцёл — гэта месца сустрэчы чалавека з Богам. Да гэтай сустрэчы заклікае нас крыж на яго вежы. Калі глядзім на касцёл, міжволі ўздымаем галаву ўгору і бачым крыж. У мітусні свету ён заклікае нас адарваць наш позірк ад зямлі і скіраваць яго да неба. Гэта азначае жыць не толькі справамі гэтага свету, але і духоўнымі.

Крыж з’яўляецца таксама знакам супраціву. У часы ваяўнічага атэізму крыжы нішчылі, ламалі, скідвалі з вежаў касцёлаў. Сёння прыйшоў іншы час.

Мы ўсталёваем крыжы, вяртаем іх на самыя ўзнёслыя месцы. Але гэтага замала: неабходна, каб крыж быў у нашых сэрцах, бо тады мы будзем жыць ягонай праўдай», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

На заканчэнне іерарх заклікаў сабраных вернікаў як мага часцей глядзець на крыж як на знак любові Бога да чалавека, знак хрысціянскай веры і надзеі, памятаючы, што праз крыж штодзённага жыцця мы набліжаемся да радасці вечнага шчасця.

Варта адзначыць, што намаганнямі стаўбцоўскіх вернікаў пад кіраўніцтвам новага пробашча ксяндза Ігара Лашука будаўніцтва касцёла ў горадзе з глыбокімі хрысціянскімі традыцыямі за апошні час моцна пасунулася наперад. Яскравым сведчаннем гэтага стала благаслаўленне і ўсталяванне трох крыжоў на сігнатурцы і на двух бакавых выступах касцёла. Гэта ўмацоўвае спадзяванні стаўбцоўскіх католікаў на тое, што ўжо неўзабаве з’явіцца крыж і на галоўнай вежы іх новай святыні, і яна адчыніць свае дзверы для ўсіх, хто імкнецца жыць з Богам.

Абноўлена 13.11.2019 17:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа