Пошук

12.11.2019 08:36   Падрыхтаваў: Кс. Аляксей Ляшко / Catholicnews.by / Фота: сredo.pro

9 лістапада ў Кіеве адбылася ўрачыстасць біскупскага пасвячэння ксяндза Аляксандра Язлавецкага, на якой Каталіцкі Касцёл у Беларусі прадставіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Як паведаміў партал Catholicnews.by, пасвячэнне адбылося ў кіеўскім катэдральным касцёле Святога Аляксандра. Новапасвячаны дапаможны біскуп Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі, прызначаны на гэтую пасаду 18 верасня папам Францішкам, стаў самым маладым рыма-каталіцкім іерархам у свеце.

Галоўным цэлебрантам пасвячэння стаў Апостальскі Нунцый ва Украіне арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. На сваім біскупскім гербе малады іерарх змясціў цытату святога Томаса Мора «Найперш слуга Божы».

На ўрачыстасці біскупскага пасвячэння прысутнічалі святары Кіева-Жытомірскай, Камянец-Падольскай і іншых дыяцэзій ва Украіне, настаяцелі мужчынскіх і жаночых кангрэгацый і супольнасцяў, прадстаўнікі Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Праваслаўнай Царквы Украіны, біскупы і святары з блізкага і далёкага замежжа, а таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу ва Украіне.

Касцёл у Беларусі прадставіў біскуп Алег Буткевіч.

Звяртаючыся да  новапасвечанага біскупа, пастыр Касцёла на Віцебшчыне сказаў, што перш за ўсё ён радуецца разам з усім Касцёлам ва Украіне, які атрымаў яшчэ аднаго біскупа. Беларускі іерарх таксама пажадаў сабрату радасці і энтузіязму, а таксама трываласці і моцы Божага духа на нялёгкай дарозе біскупскага служэння. Біскуп Буткевіч заахвоціў яго памятаць, што на гэтай дарозе ён не адзін; што яму заўсёды будзе спадарожнічаць Божая ласка, Божая моц і заступніцтва Багародзіцы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.