Пошук

18.09.2019 14:23   Catholic.by
Фота: kzd.org.ua

18 верасня ўкраінская рэдакцыя партала Vatican News паведаміла, што папа Францішак прызначыў дапаможным біскупам Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі ва Украіне кс. Аляксандра Язлавецкага, які да гэтага часу займаў пасаду канцлера дыяцэзіяльнай курыі.

Намінаваны на высокую пасаду святар, які стаў тытулярным біскупам Туланы, нарадзіўся 2 сакавіка 1979 года ў Шаргарадзе, што непадалёк ад Вінніцы (Украіна).

Пасля паспяховага заканчэння Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гарадку 26 чэрвеня 2004 года прыняў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату. З 2006 года будучы біскуп навучаўся ў Папскім Латэранскім універсітэце ў Рыме, дзе ў 2013 годзе абараніў дактарат па кананічным праве.

Пасля вяртання ва Украіну быў прызначаны віцэ-рэктарам і эканомам семінарыі ў Гарадку, а ў 2014 годзе ўзначаліў гэтую духоўную навучальную ўстанову ў якасці рэктара. З 2018 года займаў пасаду канцлера курыі Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі, якая ахоплівае рыма-каталіцкія парафіі Кіеўскай, Жытомірскай, Чаркаскай і Чарнігаўскай вобласцяў Украіны.

Новапрызначаны біскуп Аляксандр Язлавецкі стаў самым маладым рыма-каталіцкім біскупам у свеце.

Ён толькі на тры месяцы старэйшы за самага маладога ў свеце каталіцкага іерарха, якім з’яўляецца біскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Пятро Лаза. Цікава, што трэці самы малады біскуп у свеце таксама ўкраінец. Гэта дапаможны біскуп Львоўскай дыяцэзіі Эдвард Кава, які нарадзіўся 17 красавіка 1978 года.

Абноўлена 18.09.2019 14:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.