З 1 па 8 лістапада Каталіцкі Касцёл перажываў актаву малітваў за памерлых. Гэты час прысвечаны асаблівай памяці пра ўсіх памерлых вернікаў і малітве за іх.
Студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне пастараліся не змарнаваць Божую ласку, а плённа выкарыстаць магчымасць хутэй выбавіць сваіх блізкіх памерлых з чыстца, атрымаўшы і ахвяраваўшы за іх поўны адпуст.
Першыя дні лістапада будучыя святары правялі ў родных парафіях, дзе давяралі душы памерлых Міласэрнаму Богу. А з 4 да 8 лістапада ў семінарыйнай капліцы яны маліліся Нешпарамі за памерлых. Сваёй малітвай супольнасць ахінала памерлае духавенства, выкладчыкаў і выпускнікоў семінарыі, памерлых семінарыстаў, ахвярадаўцаў і дабрадзеяў, а таксама ўсіх памерлых з сем’яў студэнтаў і выхавацеляў семінарыі.
На заканчэнне актавы, 8 лістапада, адбылася св. Імша ў інтэнцыі ўсіх памерлых. Эўхарыстыю ўзначаліў рэктар семінарыі кс. Віталь Вайцяхоўскі.
Кожны дзень некалькі семінарыстаў наведвалі Старыя могілкі Гродна, дзе пахаваны кс. інфулат Міхал Арановіч, шматгадовы гродзенскі пробашч, і кс. Міхал Варанецкі СM, першы духоўны айцец гэтай семінарыі. Падчас кожнага візіту семінарысты запальвалі знічы на месцы пахавання святароў.