Пошук

08.11.2019 13:27   Тэкст: Зміцер Лупач / Фота: Марына Сінкевіч / Відэа: Леанід Юрык / Сatholicnews.by

7 лістапада ў мемарыяльным комплексе ва ўрочышчы Барок на Глыбоччыне, дзе пахавана каля 27 тысяч савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных, якія загінулі ад рук нацыстаў у канцэнтрацыйным лагеры Беразвечча, адбылася святая Імша за спачылых.

Як паведаміў партал Сatholicnews.by, у Барку вернікі сабраліся ўжо ў другі раз. 7 лістапада мінулага года па ініцыятыве пробашча парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім ксяндза Мікалая Ціхановіча тут упершыню адбылася малітва за палеглых.

У Эўхарыстыі ўзялі ўдзел каля сотні вернікаў і пяць святароў. Цэлебрацыю ўзначаліў кс. Вячаслаў Барок з Расонаў.

У прамоўленым Божым слове святар выказаў надзею на тое, што гэта стане добрай традыцыяй — у дзень кастрычніцкага бальшавіцкага перавароту збірацца ў Барку, каб маліцца за ахвяраў таталітарных рэжымаў: як нацысцкага, так і камуністычнага.

«Адразу пасля Другой сусветнай вайны нацысцкая ідэалогія разам з яе прадстаўнікамі была асуджаная на Нюрнбергскім працэсе, а не менш нялюдскі камунізм да гэтай пары не атрымаў належнай гістарычнай і прававой ацэнкі, — лічыць святар. —

І цяпер мы ходзім па вуліцах, якія носяць імёны катаў, носім кветкі да іх помнікаў. Даэтуль грамадства і дзяржава не пакаяліся за грахі камунізму».

Ксёндз Вячаслаў выказаў спадзяванне, што рана ці позна гэта адбудзецца.

Напрыканцы святой Імшы кс. пробашч Мікалай Ціхановіч падзякаваў усім яе ўдзельнікам за супольную малітву і запрасіў працягваць маліцца за ахвяраў таталітарных рэжымаў.

Абноўлена 08.11.2019 13:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця