Пошук

04.11.2019 14:39   Тэкст: Анна Харашчо / Фота: Анна Харашчо, Надзея Коўш / Catholic.by

2 лістапада, ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў, працэсію на Кальварыйскіх могілках сталіцы, а затым цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Разам з іерархам, ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком, дэканам дэканату Мінск-Захад, і пробашчам парафіі ксяндзом Андрэем Сіповічам вернікі розных парафій Мінска прайшлі ў працэсіі між магіл, узгадваючы ў малітве памерлых святароў, бацькоў і продкаў, сваякоў і дабрадзеяў, ахвяр войнаў і загінулых у катастрофах, а таксама ўсіх памерлых і тых, хто церпіць у чыстцы.

На пачатку Імшы біскуп сказаў: «Сёння мы ахопліваем сваёю малітвай усіх тых, якія адышлі з гэтага свету, але, па розных прычынах, яшчэ не прайшлі праз браму Нябеснага Валадарства… Мы, якія засталіся на зямлі, можам малітвай, добрымі ўчынкамі выпрасіць Божую Міласэрнасць і збаўленне для іх… Мы просім Бога прабачыць нашым продкам іх грахі, правіны, слабасці і правесці ў сваё Валадарства».

У гаміліі іерарх прапанаваў паразважаць над пытаннем: у чым сэнс малітвы за чалавека, які адышоў з гэтага свету?

Біскуп нагадаў пра маральныя каштоўнасці, якія даў Хрыстус, пра сем галоўных грахоў і тры станы чалавека пасля смерці, якімі з’яўляюцца неба, пекла і чысцец.

Як адзначыў іерарх, Бог дае шанц усім тым, якія адышлі з гэтага свету ў граху, не паяднаўшыся з Богам: каб людзі, якія засталіся на зямлі, маглі за іх маліцца. Ахвяра святой Імшы, кожная малітва, нават зусім кароткая, але шчырая, ад сэрца, — гэта, па словах біскупа, вялікая ласка для душы, якая знаходзіцца ў чыстцы. Каштоўнасць малітвы, падкрэсліў ён, ніколі і нічым не будзе заменена.

 

 

Іерарх узгадаў словы Езуса Хрыста, які, звяртаючыся да апосталаў, казаў: «Як вы хочаце, каб з вамі паступалі людзі, так і вы паступайце з імі». Біскуп звярнуў увагу, што гэтыя словы маюць падвоены сэнс: першая частка для людскога асяроддзя, другая — для лучнасці святых.

«Калі мы молімся за нашых памерлых, то абавязкова будуць тыя людзі, якія памоляцца за нас»,

— дадаў ён.

Завяршаючы гамілію, Генеральны вікарый архідыяцэзіі нагадаў пра магчымасць атрымання адпусту — поўнага адпушчэння кары за грахі. Ён шчыра падзякаваў сабраным за сумесную малітву за памерлых і заахвоціў маліцца за іх не толькі ў дні актавы, а заўсёды памятаць пра іх.

«А яны, у сваю чаргу, будуць нам удзячныя. Яны таксама моляцца за нас, вядуць нас па жыцці, (...) аберагаюць ад небяспекі, дапамагаюць прыняць правільнае рашэнне, каб нашыя жыццёвыя крокі прывялі і нас да збаўлення, бо мэта жыцця чалавека, мэта стварэння чалавека — гэта менавіта збаўленне, быць перад абліччам Бога ў вечнасці», — сказаў біскуп і пажадаў, «каб мы сустрэліся ў Нябесным Валадарстве, а нашы памерлыя каб сваімі малітвамі дапамаглі нам у гэтым».

Абноўлена 04.11.2019 21:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.