У нядзелю 3 лістапада ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках сталіцы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу падзякі з нагоды 30-годдзя распачацця свайго біскупскага служэння ў Мінску.
У Эўхарыстыі, якую разам з арцыпастырам цэлебраваў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, бралі ўдзел святары і шматлікія вернікі.
Інгрэс, або афіцыйнае ўступленне на пасаду новапрызначанага біскупа Мінскага і Апостальскага адміністратара для католікаў Беларусі адбылося 30 кастрычніка 1989 года.
Урачыстасць, якой у Мінску не было з часу бальшавіцкага кастрычніцкага перавароту 1917 года, праходзіла ў адзінай дзеючай у той час каталіцкай святыні ў горадзе — невялічкім касцёле на Кальварыйскіх могілках. У часы савецкага пераследу веры ў сталіцы Беларусі былі зачынены ўсе касцёлы, і толькі дзякуючы самаахвярным намаганням актыўнай групы мясцовых католікаў напярэдадні Алімпіяды 1980 года ім было дазволена збірацца на малітву ў былой філіяльнай капліцы мінскай катэдры.
Вось як узгадвае той гістарычны дзень пачатку свайго служэння ў Мінску арцыбіскуп Кандрусевіч:
«Нягледзячы на залеву, тады сабралося шмат людзей на чале са святой памяці ксяндзом пробашчам Янам Адамовічам. Вернікі стаялі пад дажджом ад касцёла ажно да брамы.
У набажэнстве ўзяў удзел праваслаўны Мітрапаліт Філарэт, у тыя часы Мітрапаліт Мінскі і Гродзенскі, Патрыяршы Экзарх Усяе Беларусі, кіраўнік Аддзелу знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрырхату, які выступіў з прывітальным словам і павіншаваў мяне з біскупскім пасвячэннем і з распачаццем служэння ў Беларусі».
У прамоўленым Божым слове іерарх параўнаў тое, што тады адбывалася ў краіне, з духоўнаю пераменаю мытніка Закхея, пра якога ішла гаворка ў нядзельным Евангеллі.
«Касцёл у Беларусі на працягу жыцця трох пакаленняў перажываў ганенні. Адзіны ў Мінску касцёл на Кальварыйскіх могілках для жыхароў і гасцей сталіцы Беларусі быў як быццам „смакоўніцай“, на якую ўзлез Закхей, каб убачыць Езуса.
Трэба было падняцца на гэты Кальварыйскі ўзгорак, каб убачыць Езуса, пачуць Яго ў Евангеллі і ўзбагаціцца Ягонай ласкай праз удзел у сакрамэнтах», — сказаў арцыбіскуп.
Ён дадаў, што ў гэтым невялічкім касцёле на могілках у тыя часы адбывалася вялікая справа духоўнай перамены чалавека.
«Дзякуючы яму падтрымлівалася вера. Людзі трывалі ў малітве і верылі, што настануць новыя часы — часы свабоды. Яны чакалі, калі Езус сваёй ласкай свабодна ўвойдзе ў дом нашага жыцця, у нашае сэрца, як увайшоў у Ерыхоне ў дом мытніка Закхея», — нагадаў іерарх.
На яго думку, было вельмі сімвалічна, што інгрэс першага пасля трох пакаленняў ганенняў біскупа ў Мінску адбыўся менавіта ў гэтым маленькім касцёле на мінскай Кальварыі. Так называўся таксама пагорак у ваколіцах Ерузалема, на якім Езус крыжоваю смерцю збавіў чалавецтва з грахоўнага рабства.
«З гэтага маленькага і адзінага ў тыя часы касцёла ў Мінску 30 гадоў таму распачаўся працэс адраджэння Касцёла ў Беларусі», — сцвердзіў сённяшні кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.
Разам з тым іерарх выказаў заклапочанасць, што, нягледзячы на тры дзесяцігоддзі рэлігійнай свабоды, сёння ў нашым грамадстве па-ранейшаму існуе шмат духоўных і маральных праблем.
«Падчас майго інгрэсу ў гэтай святыні трыццаць гадоў таму я дзякаваў вернікам за тое, што яны захавалі веру, хоць гэта было нялёгка. Нялёгка і сёння, калі хвалі ўзбуранага мора лібералізму заліваюць човен Касцёла і стараюцца яго патапіць.
Няхай памяць пра нашых продкаў, якія знайшлі ў сабе сілы супрацьстаяць ідэалогіі ваяўнічага атэізму, падбадзёрыць нас да мужнага вызнавання веры і яе сведчання ў наш час», — заклікаў вернікаў на заканчэнне гаміліі арцыпастыр.