Пошук

04.11.2019 11:02   Тэкст: Анастасія Грышан / Catholic.by

У Мінску прайшоў Першы міжнародны навуковы кангрэс «Беларуская мова — галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы», прымеркаваны да 90-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Ва ўрачыстым пасяджэнні і адкрыцці кангрэсу, якое адбылося 31 кастрычніка ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, па благаслаўленні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прынялі ўдзел прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB і кс. канонік Ян Крэміс. На адкрыцці навуковага форуму былі шырока прадстаўленыя органы дзяржаўнага кіравання Беларусі, замежныя дэлегацыі, навуковая і творчая грамадскаць нашай Айчыны.

Прагучалі прывітальныя словы ад розных органаў дзяржаўнага кіравання, кіраўніцтва інстытутаў Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ад замежных гасцей, ад кіраўніцтва вышэйшых навучальных устаноў, ад розных устаноў і арганізацый краіны, а таксама ад прадстаўнікоў Беларускай Праваслаўнай Царквы і Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

У сваім прывітальным слове біскуп Аляксандр Яшэўскі засяродзіў увагу на шматлікіх дасягненнях Рыма-Каталіцкага Касцёла, які паслядоўна служыць пашырэнню Божага слова на беларускай мове дзеля духоўнага дабра Касцёла і нашай Айчыны.

Іерарх адзначыў, што менавіта мова «з’яўляецца неаспрэчным і самым важным крытэрыем нацыянальнай прыналежнасці», «а той факт, ці размаўляе чалавек на роднай мове і на якім узроўні размаўляе — відавочная адзнака для вызначэння страты нацыянальнай свядомасці».

Біскуп нагадаў, што, «пачынаючы ад беларускіх святароў-адраджэнцаў, родная мова заўсёды была прыярытэтнаю і ў жыцці Каталіцкага Касцёла».

«Сёлета Каталіцкі Касцёл у Беларусі адзначае 30-годдзе свайго адраджэння, і практычна з самага пачатку ў сваёй літургічнай, пастырскай і евангелізацыйнай дзейнасці ён клапаціўся пра беларускую мову», — сказаў іерарх.

Ён падкрэсліў, што на самым пачатку адраджэння намаганнямі тагачаснага біскупа Тадэвуша Кандрусевіча было выдадзена 50 тысяч асобнікаў «Парадку святой Імшы» і 90 тысяч асобнікаў «Каталіцкага Катэхізісу» на беларускай мове.

Такім чынам, «атрыманая свабода веравызнання стала імпульсам для развіцця рэлігійнай лексікі беларускай мовы».

Па словах іерарха, нягледзячы на складанасці з адсутнасцю рэлігійнай тэрміналогіі на беларускай мове, Касцёл за гэтыя гады «не толькі імкнуўся захаваць беларускую мову ў святынях, але рабіў усё магчымае, каб развіваць яе, і заахвочваў не пераставаць карыстацца роднаю моваю». Гэтаму спрыялі не толькі выданні перакладзеных літургічных кніг, але і «больш за 200 найменняў гісторыка-рэлігійнай, мастацкай, навукова-папулярнай літаратуры, кніг для дзяцей і моладзі на роднай мове, падручнікаў па вывучэнні рэлігіі, падрыхтаваных каталіцкім выдавецтвам Pro Christo».

Важкі ўнёсак у развіццё і захаванне мовы зрабілі таксама каталіцкія часопісы, нагадаў біскуп. У апошні час на беларускай мове выдадзена поўная версія Новага Запавету.

«За гэтыя тры дзесяцігоддзі Касцёл прыкладваў усе намаганні, каб захаваць і развіваць родную мову. І будзе рабіць гэта надалей. Бо мова — дар Духа Святога, і занядбоўваць гэты дар — вялікі грэх»,

— звярнуў увагу іерарх.

Віншуючы супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства і ўсіх удзельнікаў кангрэсу з юбілеем заснавання гэтай установы і жадаючы далейшых поспехаў, біскуп падараваў дырэктару інстытута Ігару Капылову апошняе дасягненне Касцёла — выданне «Новага Запавету для дзяцей і моладзі».

Падчас інаўгурацыі таксама адбылося ўшанаванне ветэранаў інстытута і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу навукова-даследчых работ у галіне мовазнаўства «Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына» сярод навучэнцаў сярэдніх, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў краіны.

У другой палове дня пачалося пленарнае пасяджэнне. З падрабязнай праграмай кангрэсу можна пазнаёміцца на сайце інстытута.

Абноўлена 04.11.2019 11:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця