Пошук

22.10.2019 21:59   Тэкст: Вольга Качалка / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

22 кастрычніка мінскі Чырвоны касцёл наведаў прэзідэнт Рэспублікі Куба Мігель Дыяс-Канель, які прыехаў у Беларусь з афіцыйным візітам і ў першы ж дзень выявіў жаданне наведаць каталіцкую святыню.

Прэзідэнта разам з жонкай і афіцыйнай дэлегацыяй прывітаў ля ўваходу ў касцёл арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Гасцей з Кубы ўрачыста сустракаў і пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, іншыя святары, што працуюць у парафіі, і хлопцы з дзяўчатамі ў шляхецкіх і беларускіх народных строях.

Пасля прывітання прэзідэнта правялі да месца пахавання беларускага каталіцкага мецэната і грамадскага дзеяча Эдварда Вайніловіча, фундатара касцёла св. Сымона і св. Алены, які сёння з’яўляецца адной з найбольш пазнавальных архітэктурных дамінантаў сталіцы.

Гасцям расказалі пра вялікае значэнне гэтага чалавека для католікаў горада Мінска, а таксама пра тое, што Эдвард Вайніловіч можа стаць першым свецкім святым у Касцёле на Беларусі.

Арцыбіскуп Кандрусевіч запрасіў кубінскага прэзідэнта прайсці да галоўнага алтара касцёла.

Мігель Дыяс-Канель разам з жонкаю пакінулі запіс у кнізе наведвальнікаў Чырвонага касцёла, а таксама паставілі запаленую свечку каля вялікай фігуры Маці Божай, якая знаходзіцца пры алтары.

«За 30 гадоў майго біскупскага служэння, у тым ліку ў Расіі, толькі некалькі разоў прэзідэнты наведвалі касцёл падчас афіцыйнага візіту ў краіну, — пракаментаваў сустрэчу ўжо пасля развітання з дэлегацыяй арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. —

Таму прыезд прэзідэнта Кубы ў Чырвоны касцёл — рэдкая падзея, якая ўвойдзе ў гісторыю Касцёла ў Беларусі. Сітуацыя Касцёла на Кубе шмат гадоў заставалася вельмі складанаю. Сёння мы ўспамінаем святога Яна Паўла ІІ, а менавіта ён калісьці прыляцеў на Кубу і сустрэўся з Фідэлем Кастра, пасля чаго пачаліся добрыя змены для мясцовага Касцёла. Потым ужо і Бэнэдыкт XVI наведваў Кубу, і, як памятаем, сустрэча папы Францішка і патрыярха Кірыла адбылася менавіта на Кубе».

Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату таксама адзначыў, што візіт прэзідэнта Кубы ў Чырвоны касцёл — гэта не проста прыемная сустрэча.

Гэты жэст, на думку іерарха, азначае, што, наведваючы нашую краіну, прэзідэнт хацеў пазнаёміцца з католікамі Беларусі, выказаць сваю павагу людзям.

Арцыбіскуп заўважыў, што прэзідэнт перад уваходам у касцёл пацікавіўся, ці не адбываецца цяпер там якое-небудзь набажэнства, каб не перашкодзіць вернікам.

Абноўлена 23.10.2019 12:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа