19 кастрычніка дабрачыннае таварыства Caritas пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім у восьмы раз правяло мерапрыемства «Мы разам!» для асобаў з псіхічнымі і фізічнымі захворваннямі, іх бацькоў і апекуноў.
Пра гэта паведамляе партал Сatholicnews.by.
Сама назва «Мы разам» кажа пра тое, што вельмі важна, каб людзі знаходзіліся ў супольнасці, адчувалі руку блізкага чалавека, яго дыханне і біццё сэрца.
У мерапрыемстве ўдзельнічалі не толькі прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла, але і вернікі іншых хрысціянскіх канфесій. Пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч прывітаў гасцей, якія спачатку сабраліся ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы. Пасля кароткай малітвы ўдзельнікі імпрэзы прайшлі шэсцем ад святыні да гарадскога Дома культуры.
У Доме культуры гасцей спачатку пачаставалі, а затым распачалася забаўляльная праграма. Умова была адна — ніхто не павінен сумаваць.
Пасля абеду, якім госці падсілкаваліся ў сярэдняй школе №2, іх чакаў канцэрт, падрыхтаваны супрацоўнікамі Глыбоцкага гарадскога Дома культуры сумесна з удзельнікамі мерапрыемства.
«Усё што мы маем у гэтым свеце — гэта нашае жыццё. Нічога мы з сабой не возьмем, толькі нашы добрыя справы і ўчынкі, тое, што зрабілі ў гэтым свеце. Дзякуй за вашу дабрыню, усмешку, добрыя словы! І хачу пажадаць: шануйце адзін аднаго і ведайце, што гэтыя моманты, якія дае Бог, вельмі важныя ў нашым жыцці. Толькі сэрцам і душою жыве чалавек. Свет ніколі не зробім добрым, але яго можам зрабіць крыху лепшым», — прамовіў на заканчэнне сустрэчы дырэктар Caritas Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Аніскевіч.
Ксёндз Мікалай Ціхановіч у сваю чаргу выказаў вялікую ўдзячнасць усім тым, хто дапамагае рэалізаваць праект «Мы разам!»: спонсарам, валанцёрам, прадстаўнікам свецкай улады і супрацоўнікам Дома культуры, якія заўсёды шчыра адчыняюць не толькі дзверы гэтага будынку, але найперш дзверы свайго сэрца, а таксама самім удзельнікам свята.