Пошук

21.10.2019 12:25   Тэкст і фота: с. Марыя Пія CR / Catholic.by

19–20 кастрычніка ў мястэчку Гудагай пад кіраўніцтвам сясцёр змёртвыхпаўстанак адбылася малітоўная сустрэча дзяўчат і жанчын пад назвай «Марыя, такая як Ты».

Падчас сустрэчы, абапіраючыся на фрагмент Евангелля пра звеставанне, разважалі пра прыгажосць і жаноцкасць. Тэма жаноцкасці ў нас час вельмі актуальная.

«У сучаснай жанчыны вельмі шмат сацыяльных роляў, цяжка знайсці нават гадзіну для сваіх асабістых заняткаў, не кажучы ўжо пра глыбокую малітву. Але без гэтага перапынку, без гэтых хвілін для Бога і сябе жанчына (увогуле кожны чалавек) губляе сваю ідэнтычнасць, губляе сувязь з Богам. Таму такая форма духоўнага ўікэнду вельмі патрэбная.

Асаблівую ўвагу на сустрэчы здабыла тэма жаночай годнасці і каштоўнасці. У жанчын, якія сабраліся, каб разам правесці час з Марыяй, было шмат пытанняў, на якія яны падчас Імшы, адарацыі, канферэнцый спрабавалі знайсці адказы.Было відаць, якая ўнутраная духоўная праца была ў кожнай з нас», — дзеліцца думкамі адна з удзельніц.

 

«Вельмі каштоўным было для мяне паглядзець на прыгажосць жанчыны ў цішыні і прыгажосці навакольнага асяроддзя, у супольнай малітве.

Вельмі часта пачуць голас Бога перашкаджае сацыяльны шум вялікіх гарадоў, а менавіта тут, у Гудагаі, як быццам нехта выключыў сацыяльнае „радыё“ і загучала сімфонія Святога Пісання», — кажа іншая ўдзельніца.

Кожная з жанчын на сустрэчы магла нанова ўсвядоміць, што Пан Бог марыў пра яе адвеку, насіў у сабе яе вобраз, а ў момант стварэння ўдыхнуў праз пацалунак жыццё. Гэты час малітвы быў часам, калі кожная ўдзельніца магла ўсвядоміць, што жанчына — гэта гармонія, паэзія, прыгажосць, а таксама таямніца.

Абноўлена 21.10.2019 12:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа