![](/3/images/news/2022/06/2022-06-28-js-001.jpg)
Напрыканцы чэрвеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі здзейсніў візіт у Рым, дзе ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла атрымаў з рук Папы Францішка палій Мітрапаліта.
Падчас знаходжання ў Вечным горадзе арцыбіскуп Станеўскі наведаў генеральны дом сясцёр Змёртвыхпаўстанак. Такія сустрэчы іерарха з сёстрамі ў Рыме ўжо сталі традыцыяй, і невыпадкова. Благаслаўлёная Цэліна Бажэнцкая, заснавальніца гэтай законніцкай супольнасці, пэўны час жыла і працавала на малой радзіме арцыбіскупа, у яго родных Заневічах.
У гасцінным доме сясцёр Змёртвыхпаўстанак іерарх цэлебраваў святую Імшу Святую, дзякуючы за апеку благаслаўлёнай маці Цэліны, а таксама благаславіў сясцёр на правядзенне іх агульнага сходу — генеральнага капітулу.
Разам з арцыбіскупам Станеўскім сясцёр наведалі ксёндз Валерый Быкоўскі, які цяпер нясе служэннне ў Канадзе, і асабісты сакратар іерарха ксёндз Юрый Ясевіч. Абодва святары раней былі душпастырамі ў Заневічах, а таму ім добра вядомая благаслаўлёная Цэліна Бажэнцкая і сёстры заснаванай ёю кангрэгацыі.
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/left.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/right.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)