Пошук

28.10.2019 15:56   Фота: Кс. Руслан Мазан / Catholic.by

26 кастрычніка ў парафіi Найсвяцейшага Сэрца Езуса i св. Язафата ў Заневічах (Гродзенская дыяцэзія) з удзелам біскупа Юзафа Станеўскага ўшанавалі благаслаўлёную Цэліну Бажэнцкую.

Цэліна Бажэнцкая, у дзявоцтве Хлюдзінская, нарадзілася 29 кастрычніка 1833 г. y Антавілі каля Оршы. Паслухмяная волі бацькоў, яна выйшла замуж, нарадзіла чатырох дзяцей, дваіх з якіх пахавала. Пасля смерці мужа рэалізавала сваё пакліканне да законніцкага жыцця і разам з малодшай дачкой Ядвігай заснавала ў Рыме ў 1891 г. Кангрэгацыю Сясцёр Змёртвыхпаўстанак. Памерла 26 кастрычніка 1913 г. у Кракаве (Польшча).

Удзельнікі ўрачыстасці ў Заневічах разам са сваім земляком біскупам Юзафам маліліся аб хутчэйшай кананізацыі благаслаўлёнай Цэліны і аб беатыфікацыі Ядвігі Бажэнцкіх — маці і дачкі, заснавальніц Кангрэгацыі Сясцёр Змёртвыхпаўстанак. У прамоўленым падчас святой Імшы Божым слове іерарх звярнуў увагу на той глыбокі духоўны след, які пакінулі яны на роднай зямлі, у тым ліку і ў Заневічах, куды Цэліна была выдадзена замуж. Біскуп Станеўскі, гаворачы пра жыццёвы шлях благаслаўлёнай, прагадаў словы папы Бэнэдыкта XVI пра такое мучаніцтва, што адбываецца не ў адзін момант, а працягваецца цэлае жыццё.

«Менавіта такі шлях давялося прайсці Цэліне Бажэнцкай. Паслухмяная дачка, верная жонка, клапатлівая матуля, яна заўсёды мужна прымала Божую волю, наколькі цяжка гэта ні было.Ёй давялося перажыць заўчасную смерць мужа і двух дзетак, а таксама раптоўны адыход малодшай дачкі Ядвігі. Менавіта ў ёй яна бачыла сваю найбліжэйшую паплечніцу і спадзявалася, што тая працягне справу заснаванай імі законніцкай супольнасці змёртвыхпаўстанак, аднак і на гэты раз з вялікаю пакораю прыняла Божае наканаванне, чэрпаючы моц з Эўхарыстыі», — зазначыў біскуп Станеўскі.

На заканчэнне святой Імшы ўдзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі рэліквіі благаслаўлёнай маці Цэліны, а таксама на чале з пастырам прайшлі ад касцёла да капліцы ў гонар благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай, пабудаванай на тым месцы, дзе калісьці стаяў дом, у якім яна жыла з сям’ёю.

Там яны ўзнеслі свае малітвы да Бога, просячы праз заступніцтва благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай ласкі, патрэбныя ў штодзённым жыцці і на шляху да асабістай святасці.

Падчас урачыстасці біскуп Юзаф Станеўскі благаславіў абраз аднаго з нябесных апекуноў парафіі ў Заневічах святога Язафата Кунцэвіча, пажадаўшы, каб прыклад адданага служэння гэтага біскупа заахвочваў сённяшніх хрысціянаў да захавання еднасці з Богам і Яго Касцёлам.

 

 

Абноўлена 28.10.2019 17:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.