19 кастрычніка ў парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску адкрылася фотавыстава, прысвечаная дню памяці св. Яна Паўла II.
Каталіцкі Касцёл успамінае папу Яна Паўла ІІ у літургіі 22 кастрычніка. Ва ўсім свеце людзі розных нацыянальнасцяў, канфесій, палітычных і філасофскіх поглядаў, веравызнанняў адчуваюць вялікую павагу да гэтага Пантыфіка. Яго вялікі маральны аўтарытэт быў і застаецца прыкладам для многіх людзей у іх штодзённым жыцці. Ян Павел II быў светлым, натхняючым чалавекам, які ўсяляў вялікую надзею ў кожнага, хто калі-небудзь бачыў яго.
Ян Павел II лічыцца адным з самых уплывовых лідараў XX ст. Ён запомніўся многім і як Папа, які найбольш актыўна наведваў з апостальскімі візітамі краіны свету. Ён здзейсніў 104 замежныя падарожжы і пабываў у 130 краінах на ўсіх кантынентах. Вядома, што ён бегла размаўляў на 12 мовах.
Ян Павел II стаў першым Папам, які актыўна прапаведваў прымірэнне і ўсталяванне сяброўскіх адносін з іншымі рэлігіямі.
Сімвалам гэтага стаў Сусветны дзень малітваў аб міры, які адбыўся ў італьянскім горадзе Асізі 27 кастрычніка 1986 г. У ім прынялі ўдзел 47 дэлегацый ад розных хрысціянскіх канфесій і прадстаўнікі 13 іншых рэлігій.
Нягледзячы на тое, што паняцце «экуменізм» (ідэалогія ўсехрысціянскага адзінства) упершыню з'явілася ў 1937 г. i было прапанавана рэлігіязнаўцамі Прынстанскай семінарыі, у практычным сэнсе паўнамаштабна яно стала рэалізоўвацца дзякуючы Яну Паўлу II. Ён выдаў энцыкліку Ut Unum Sint («Каб усе былі адно»). Сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі з'яўляецца непахісным паслядоўнікам яго дзеянняў у галіне прымірэння рэлігій.
Для вернікаў асоба Яна Паўла II звязана з эпахальнай падзеяй у гісторыі Касцёла ў Беларусі. 25 ліпеня 1989 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў кс. Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. Менавіта ён 20 кастрычніка 1989 г. удзяліў біскупскую сакру кс. Тадэвушу Кандрусевічу ў базыліцы св. Пятра ў Рыме.
Асаблівай папулярнасцю гэты Папа карыстаецца ў маладых людзей. Шмат каму з іх вядомыя тэксты яго пасланняў на Сусветныя дні моладзі. У час яго пантыфікату грамадскасць прызнала здольнасць Каталіцкага Касцёла развівацца разам з навукова-тэхнічным прагрэсам. Менавіта пры ім св. Iзідор Севільскі быў абвешчаны апекуном інтэрнэту.
Фотавыстава ў мінскай парафіі стала водгукам павагі і любові беларускіх вернікаў да Вялікага Папы.
Яна з'яўляецца маленькім элементам мазаікі ў агульнай памяці людзей ва ўсім свеце аб яркай постаці XX ст., якой з'яўляецца Ян Павел II.