Пошук

14.10.2019 14:46   Тэкст: Надзея Бука / Фота: Генадзь Бука / Catholic.by

Сотні крыжоў узняліся ўгару ў нядзелю 13 кастрычніка на Залатой Горцы ў Мінску. Крыж у кожнай руцэ — у малога дзіцяці, міністранта, бабулі — азначаў заканчэнне парафіяльных місій у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха).

Місіі сталі сапраўды гістарычнай падзеяй, бо ў гэтай святыні іх не было больш за 30 гадоў. Яны сталі своеасаблівым падарункам ад пробашча парафіі кс. каноніка Юрыя Санько да 155-годдзя асвячэння касцёла.

На працягу васьмі дзён айцы рэдэмптарысты Андрэй Ядкоўскі і Валерый Мазюк праводзілі ранішнія, дзённыя і вячэрнія набажэнствы.

Штодзень вернікаў чакала навука, пасля якой нярэдка з іх вачэй ліліся слёзы. З кожным днём у касцёл прыходзіла ўсё больш людзей.

Традыцыйна напрыканцы місій на тэрыторыі парафіі ўсталёўваецца крыж. Касцёл на Залатой Горцы не стаў выключэннем. У нядзелю шматлікія вернікі сталіцы прыйшлі, каб ушанаваць крыж і падзякаваць Богу за дары і ласкі, атрыманыя падчас парафіяльных місій. Менавіта ў гэты момант да неба ўзняліся сотні крыжоў.

7-метровы місійны крыж як сімвал надзеі і веры заняў пачэснае месца каля касцёла.

Падчас гэтых місій адбылося шмат адметных падзей: місійны Крыжовы шлях, які вельмі адрозyіваўся ад тых, што былі тут дагэтуль; пакутны вечар, калі пробашч клаўся крыжам на падлогу, а потом са слязьмі на вачах прасіў прабачэння ва ўсіх вернікаў за свае грахі; споведзь, на якую была вельмі доўгая чарга; аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, на якое прыйшло вельмі шмат жадаючых аднавіць свае адносіны і нанава прысягнуць у вернасці; намашчэнне хворых; навукі для бацькоў і для дзяцей...

Можна падзявацца, што кожнае слова пакінула зерне ў сэрцах парафіян і тых, хто знайшоў час на сустрэчу з Богам жывым. Гэтае зерне, вядома, прарасце і стане плёнам, бо місіі — гэта толькі пачатак. А зараз настаў час цішыні і малітвы, час разважанняў над словамі айцоў рэдэмптарыстаў.

У апошні дзень місій айцы вярнулі сімвалічныя ключы ад касцёла пробашчу і нагадалі яму, што ён застаецца тут татам для ўсёй вялікай парафіяльнай сям’і і зараз яго місія — клапаціцца і нястомна маліцца за ўсіх, бо яны — цэлы свет.

У сваю чаргу пробашч падзякаваў місіянерам за іх трапныя словы, за шчырыя гісторыі з асабістага жыцця, за адданасць і веру і дадаў, што на мапе Беларусі з’явілася яшчэ адно месца, дзе за айцоў будуць маліцца, — касцёл на Залатой Горцы.

Айцы місіянеры паедуць далей, але іх справа, напэўна, будзе жыць тут, і кожны раз, калі вернікі будуць праходзіць ля місійнага крыжа, яны будуць дзякаваць Богу за гэты благаслаўлёны час.

Абноўлена 15.10.2019 07:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця