Пошук

09.10.2019 12:24   Фота: Seminarium Minsk / Catholic.by
Фота Аляксандры Шчыглінскай

7 кастрычніка парафію Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка ў мястэчку Ракаў, што пад Мінскам, з нагоды адпустовай урачыстасці наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Па запрашэнні пробашча ракаўскай парафіяльнай супольнасці кс. каноніка Дзмітрыя Барылы арцыпастыр узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы.

У прамоўленым Божым слове іерарх распавёў вернікам пра фрэску у базыліцы святой Сабіны ў Рыме. Гэты твор сакральнага мастацтва выяўляе святога папу Пія V з ружанцам у руках, які пазірае на марскую бітву, што адбывалася пад Лепанта 7 кастрычніка 1571 г. Ад выніку гэтай бітвы залежаў далейшы лёс хрысціянства, і перамога дапамагла абараніць веру ў Еўропе.

Фрэска ў базыліцы св. Сабіны ў Рыме. Фота: flickr.com

Менавіта ў гонар той перамогі і было ўстаноўлена свята Маці Божай Ружанцовай.

«Гэтае свята не толькі нагадвае нам пра гістарычную перамогу, якая праз заступніцтва Марыі адбылася чатыры з паловай стагоддзі таму, але таксама вядзе наперад і пашырае нашыя гарызонты», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён дадаў, што ўрачыстасць Маці Божай Ружанцовай нагадвае пра тое, якім коштам хрысціянства было абаронена, і пра абавязак вернікаў працягваць абараняць яго ў наш час, калі ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бог не існуе. Пры гэтым іерарх звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што памяць з’яўляецца вельмі важнай як у жыцці паасобных людзей і цэлых народаў, так і ў гісторыі збаўлення і захавання веры.

«Памяць нагадвае пра нашыя карані і дае сэнс нашай тоеснасці: усведамлення таго, кім мы ёсць.

На вялікі жаль, сучасная Еўропа, хрысціянскія карані якой былі абаронены пад Лепанта і пад Венай, хварэе на духоўную амнэзію. Стары кантынент забываецца пра сваю хрысціянскую гісторыю і карані.

<…> Парадаксальна, што ў імя талерантнасці Еўропа, якая мае хрысціянскія карані, становіцца ўсё больш адкрытай для бездухоўнай культуры і нехрысціянскіх каштоўнасцяў. Такім чынам яна губляе сваю хрысціянскую тоеснасць, што вядзе яе да духоўнага разбурэння. У выніку Еўропу сёння ўсё часцей называюць „постхрысціянскай“. Яна сама сабе падрэзалала свае хрысціянскія карані. Вядома, што дрэва з падрэзанамі каранямі не будзе расці, яно засохне», — канстатаваў арцыбіскуп.

Паводле яго, вынікі такіх адносінаў да нашай хрысціянскай гісторыі праяўляюцца ў крызісе сям’і, непавазе да Божага дару жыцця, амаральных паводзінах людзей, наркаманіі, выкарыстанні СМІ ў мэтах прапаганды амаральнага стылю жыцця і гендарнай ідэалогі, а таксама ў іншых паталогіях сучаснасці.

Іерарх адзначыў, што на пытанне, дзе шукаць паратунаку, адказ дае гісторыя, вера ў Бога і заступніцтва Марыі.

«Таму нам неабходна як мага хутчэй вярнуцца да сваіх хрысціянскіх каранёў, каб мы ведалі, кім з’яўляемся і якая мэта нашага жыцця», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што дапамогаю ў гэтым становіцца Ружанец:

«Гэтая традыцйная і вельмі простая малітва ў той жа час з’яўляецца вельмі эфектыўнай. <…> Ружанец не толькі прадстаўляе мінулую гісторыю збаўлення, але і адкрывае перспектыву на шчаслівую будучыню».

На заканчэнне гаміліі пастыр Мінска-Магілёўскага Касцёла заклікаў вернікаў карыстацца гэтаю духоўнаю прыладаю, якою з’яўляецца Ружанец.

Падчас святой Імшы адбылося ўстанаўленне новых міністрантаў — адпаведна падрыхтаваных хлопцаў, якія будуць служыць пры алтары.

Абноўлена 10.10.2019 13:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.