Пошук

30.09.2019 18:00   Тэкст: Кс. Юрый Жэгарын / Фота: з архіва парафіі / Catholic.by

28 і 29 верасня ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Навагрудку прайшлі святочныя набажэнствы і культурна-рэлігійныя мерапрыемствы ў гонар нябеснага апекуна супольнасці і горада, апетага Міцкевічам.

У суботу, напярэдадні парафіяльнай урачыстасці, у навагрудскім касцёле св. Міхала Арханёла адбыўся дабрачынны канцэрт арганнай музыкі і вакальных выканаўцаў, які сабраў поўную святыню слухачоў.

На канцэрце прысутнічалі госці з Мінска, Гродна, Ліды, Шчучына, Мастоў, Іўя, з іншых гарадоў Беларусі, а таксама з-за мяжы: з Польшчы і Расіі. У праграме прагучалі рэлігійныя і класічныя творы еўрапейскіх кампазітараў.

Сёлетняя ўрачыстасць, якая прыпала ў нядзелю, была адметная тым, што ў гэты дзень каля 150-і вернікаў парафіі прынялі шкаплер заступніцтва святога Міхала Арханёла.

Падчас кожнай нядзельнай святой Імшы пробашч парафіі кс. Юрый Жэгарын тлумачыў сутнасць гэтага сакрамэнталія. Святар звярнуў увагу на тое, што шкаплер — гэта не талісман, а бачны знак пашаны да святога Міхала Арханёла і падданасці яго заступніцтву. Такім чынам з моманту прыняцця шкаплера вернік становіцца членам брацтва святога Міхала Арханёла.

Свята завяршылася творчаю вечарынаю, на якой упершыню выступіў інструментальны музычны калектыў, што нядаўна пачаў дзейнічаць пры парафіі. Прагучалі вядомыя класічныя творы, якія выконваліся на акустычных і бас гітарах, саксафоне, фартэпіяна і перкусіі.

Пасля выступу адбылася прэзентацыя кнігі ксяндза Тадэвуша Крыштопіка «Распазнаць дух антыхрыста», якая была выдадзена на рускай і польскай мовах, а таксама запісана ў аўдыёфармаце.

Аўтар распавёў перадгісторыю напісання кнігі, прадставіў біблійнае разуменне антыхрыста і растлумачыў, у чым праяўляецца дух антыхрыста ў наш час. Прысутныя на вечарыне мелі магчымасць задаць свае пытанні і падыскутаваць.

На заканчэнне прэзентацыі ксёндз Тадэвуш пад акампанемент гітарыста выканаў свае новыя духоўныя песні, пасля чаго кожны атрымаў у падарунак дыск з песнямі святара.

Абноўлена 30.09.2019 18:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця