Пошук

26.09.2019 12:47   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

22 верасня ў Белай зале мінскага касцёла св. Сымона і св. Алены (Чырвоны касцёл) адкрылася творчая выстава архітэктара Аляксандра Базевіча «Адраджэнне касцёлаў на Беларусі».

Адкрыццё распачалося з малітвы і благаслаўлення, якое ўдзяліў кс. Кірыл Бардонаў. Урачыстую цырымонію адкрыцця аздобіў сваім прыгожым спевам адзін з парафіяльных хораў Чырвонага касцёла Cantus cordis — «Спеў сэрца». У адкрыцці архітэктурнай выставы бралі ўдзел як простыя вернікі, так і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, у тым ліку пазаштатны фотакарэспандэнт Catholic.by Віктар Ведзень.

Адным з першых наведвальнікаў выставы архітэктара Аляксандра Базевіча ў Чырвоным касцёле стаў кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч, які курыруе пытанні аднаўлення і пабудовы новых святыняў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Аляксандр Базевіч — аўтар праектаў больш як 150-і аб’ектаў грамадскага прызначэння і культавай архітэктуры ў розных месцах Беларусі, а таксама ў Расіі і Германіі.

Звяртаючыся да гістарычных матываў і стыляў, Аляксандр Базевіч творча асэнсаваў архітэктурныя традыцыі культавых пабудоваў на беларускіх землях і ўвасобіў іх у сваіх праектах.

Яго першай працай у галіне сакральнай архітэктуры стаў праект пабудаванага ў 2001 годзе хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святога Яна Боско пры касцёле святога Міхала Арханёла ў Смаргоні. Архітэктар таксама з’яўляецца аўтарам праектаў каталіцкіх святыняў у Волме, Клецку, Стоўбцах, Фаніпалі, Мінску (у мікрараёне Лошыца), Смаргоні і іншых месцах нашай краіны.

Абноўлена 11.12.2019 12:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця