Пошук

25.09.2019 13:11   Catholic.by

фота: https://onbog.com

Біблію часта называюць Кнігай жыцця. Падобна як жыццё не заўсёды бывае лёгкім і простым, так і старонкі Бібліі не заўсёды лёгка разумець і ўспрымаць.

Пасля выхаду праграмы «Катализатор 7 — Теодицея. Парадокс всемогущества» на старонках фэйсбука з пытаннем звярнулася шаноўная Наталля Маскаева. Яе пытанне дастаткова цікавае і, здаецца, шмат, хто з вернікаў жадаў бы знайсці на яго адказ:

«У ім (відэа) сказана, што Бог не можа рабіць зла. Але ў Старым Запавеце ёсць шмат прыкладаў таго, як Бог караў людзей за непаслухмянасць і іншыя грахі, прычым часта фізічна іх знішчаючы. У той жа час мы ведаем, што ёсць запаведзь, якая забараняе забойства. Дапамажыце, калі ласка, разабрацца».

На гэтае пытанне паспрабаваў адказаць доктар біблійнай тэалогіі кс. Сяргей Сурыновіч:

«Гэта праўда, што чытанне Старога Запавету без уліку гістарычнага і культурнага кантэксту можа быць шакавальным і палохаючым.

Трэба прызнацца, што быў час, калі па гэтай прычыне не рэкамендавалася, а нават забаранялася чытаць некаторыя старазапаветныя ўрыўкі. І гэта датычылася не толькі вернікаў, але і спецыялістаў у тэалагічных даследаваннях.

Развіццё біблійнай навукі, што грунтуецца на археалагічных адкрыццях, вывучэнні біблійных моваў, старажытнай літаратуры і параўнальных даследаваннях, дазваляе зрабіць выснову: вобраз Бога, што развіваецца на старонках Святога Пісання, з’яўляецца адпавядаючым тагачаснай культуры і ментальнасці даўнейшых людзей, выказаны і пададзены з дапамогай мовы і ментальных паняццяў, што былі нормай у далёкія часы, адпавядае іх успрыманню і разуменню Бога, што павінен выконваць ахоўную і абарончую функцыю.

Бог Ізраэля ва ўяўленні тагачасных людзей разглядаўся як заступнік свайго народа, што пераадольваў усе нягоды і перашкоды любым шляхам, нават крывавым. Трэба дадаць, што ў Старым Запавеце Бог знаходзіцца ў канфрантацыі з іншымі боствамі, Яго ўспрыманне тагачаснымі людзьмі нараджалася таксама праз супрацьстаянне — першапачаткова з політэізмам (мноства роўных багоў), потым з генатэізмам (мой бог «лепшы» за іншых), каб нарэшце, прайшоўшы гэты шлях, прыняць форму монатэізму (адзінага Бога).

Культура тых часоў прычынілася да жорсткіх звычаяў людзей, а рэлігійныя нормы і правілы былі адлюстраваннем іх разумення свету і Бога, што з’яўляецца цяжкім для разумення сучаснага чалавека.

Рэлігійны, культурны і ментальны пералом у разуменні Бога і Яго плану адносна чалавека і свету выконваецца толькі і выключна ў аб’яўленні Езуса Хрыста як Божага Сына.

“Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў. Не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць” (Мц 5, 17), — кажа Езус, не перакрэсліваючы ранейшых прынцыпаў рэлігійнага права, але наказваючы дапасаваць іх да Божай любові, Яго натуры і сутнасці. “Любоў не чыніць бліжняму зла; любоў ёсць выкананнем Закону” (Рым 13, 10).

Падводзячы вынік: Бог адкрываў сябе чалавеку ў адпаведнасці з умовамі культуры, ментальнасці і часу: “Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў” (Гбр 1, 1), гаварыў з людзьмі такім спосабам, як яны былі здольныя Яго зразумець. “Дык кажу вам: пакуль спадкаемца дзіця, ён нічым не адрозніваецца ад слугі, хоць ён і гаспадар над усім, але падпарадкоўваецца да вызначанага айцом часу апекунам і распарадчыкам. Так і мы, пакуль былі дзецьмі, служылі стыхіям свету” (Гал 4, 1-3); “у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына, якога ўстанавіў спадкаемцам усяго, праз якога і стварыў сусвет” (Гбр 1, 2).

У Езусе Хрысце выконваецца адкрыццё Божай сутнасці і паклікання чалавека праз рэлігію спакою, любові і міласэрнасці, прабачэння, узаемадапамогі і павагі.

Толькі праз Езуса Хрыста і Яго навуку мы можам зразумець і ўспрыняць Божае слова па-сапраўднаму».

Шчыра дзякуем кс. Сяргею Сурыновічу за адказ на пытанне.

Абноўлена 26.09.2019 09:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа