Пошук

24.09.2019 16:40   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / Фота: Павел Леановіч / Grodnensis.by / Catholic.by

23 верасня ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылася святая Імша падзякі за 70 гадоў жыцця біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, цэлебрацыю якой узначаліў сам юбіляр.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, у гэты дзень пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, які кіруе ім з самага пачатку заснавання дыяцэзіі — з 1991 года — дзякаваў Пану Богу за дар жыцця і за ўсіх людзей, якіх Божы Провід паставіў на ягоным шляху.

На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія святары, кансэкраваныя асобы, а таксама вернікі, якія прыбылі, каб падтрымаць малітвай свайго пастыра.

Прысутнічалі дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.

Божае слова на святой Імшы прамовіў найбліжэйшы супрацоўнік біскупа Кашкевіча Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

У гаміліі ён вярнуўся думкамі да роднага дома Кашкевічаў у вёсцы Падгайдзі, што ў эйшышкскай парафіі Віленскай архідыяцэзіі. Іерарх узгадаў спачылых бацькоў біскупа Алякандра, святой памяці Юзафа і Марыю, якія заклалі той чалавечы падмурак, на якім пазней вырасла пакліканне да святарства.

Біскуп Юзаф адзначыў, што ў святкаванні юбілеяў і круглых дат заўсёды прысутнічаюць два важныя моманты: падзяка і пажаданні.

З удзячнасцю мы ўспамінаем пра дасягненні юбіляра, а ў пажаданнях гучыць тое, што датычыцца будучыні.

Генеральны вікарый падкрэсліў, што за больш чым 28 гадоў пастырскага служэння біскупа Аляксандра Кашкевіча ў дыяцэзіі было рэалізавана шмат душпастырскіх праектаў, здзейснена шмат прыгожых ініцыятываў, якія прыносяць плён у сэрцах шматлікіх вернікаў.

«Як шмат за гэты час было здзейснена праектаў і задумаў пастырскага клопату біскупа Аляксандра. Пра многія рэчы не ўсе ведаюць, бо, як сам шаноўны юбіляр паўтарае, „менш пісання, а больш дзеяння“», — дадаў біскуп Станеўскі.

Па яго словах, тое, што было зроблена, безумоўна, будзе заўважана: важна, каб гэта дасягнула чалавека патрабуючага, згодна з Божым планам.

«Прызнаем, што за гэты час змянілася аблічча зямлі, гэтай зямлі»,

— сказаў іерарх, перафразуючы славутае выказванне святога Яна Паўла ІІ.

У адрас юбіляра прагучала шмат добрых словаў і пажаданняў.

Ад імя ўсіх святароў дыяцэзіі віншаванні выказаў кс. канонік Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёну.

Ад імя Каардынацыйнай групы прадстаўнікоў вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі біскупа Кашкевіча павіншавалі з юбілеем рэгіянальны настаяцель беларускіх салезіянаў кс. Віктар Гайдукевіч SDB і с. Любаміра Кругавая ОР.

Да віншаванняў далучылася грэка-каталіцкая супольнасць, ад імя якой пажаданні біскупу выказаў душпастыр гродзенскай парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэй Крот.

Віншаванні біскупу выказалі таксама студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, навучэнцы Тэалагічнага каледжа св. Казіміра і самыя маленькія вернікі.

На заканчэнне ўрачыстасці біскуп Аляксандр падзякаваў усім вернікам сваёй дыяцэзіі за тую цеплыню і дабрыню, якімі яны яго акружалі і акружаюць сёння.

Ён адзначыў, што для яго гэты дзень стаў нагодаю, каб, азірнуўшыся на момант у мінулае, з надзеяй і адвагай пазіраць у будучыню. Гродзенскі біскуп падзякаваў усім за прысутнасць, а асабліва за дар малітвы, якая была ў гэты дзень узнесена да Бога ў галоўнай святыні дыяцэзіі, а таксама ў многіх іншых месцах, дзе вернікі шчыра маліліся за свайго пастыра.

Абноўлена 25.09.2019 17:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця