Пошук

23.09.2019 14:27   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Ганна Абаева / Catholic.by

21 верасня ў капліцы Ахвяравання Пана пры Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, з якой распачалася цырымонія інаўгурацыі дзясятага навучальнага года ў Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля.

У прамоўленай гаміліі ў свята святога апостала і евангеліста Мацвея арцыпастыр засяродзіўся на асобе гэтага мытніка, які, пакінуўшы зямныя даброты, стаў мужным прапаведнікам Божага слова і сведкам Уваскрослага Хрыста.

«Евангеллем паводле святога Мацвея распачынаецца Новы Запавет. <…> У сваім Евангеллі Мацвей стараецца пераканаць габрэяў, што Месія прыйшоў на зямлю ў вобразе чалавека Езуса Хрыста», — нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён адзначыў, што ў адным з рымскіх касцёлаў знаходзіцца трыптых, у якім адлюстраваны жыццёвы шлях святога Мацвея. На першым абразе прадстаўлена пакліканне Мацвея, які разам са сваімі калегамі-мытнікамі са здзіўленнем пазірае на Езуса, які кліча яго за сабою. Другі абраз выяўляе старэйшага Мацвея, які, узняўшы вочы да неба, шукае Божага натхнення і на пергаміне піша Евангелле. На трэцім абразе прадстаўлена мучаніцкая смерць святога Мацвея, якога асвятляе промень святла з неба: «Увайдзі ў Маё Валадарства».

«Гэты трыптых выдатна прадстаўляе жыццёвы шлях святога Мацвея і заклікае нас браць з яго прыклад», — сцвердзіў іерарх.

Разважаючы над біблійнымі чытаннямі, ён заклікаў усіх удзельнікаў святой Імшы, перадусім выкладчыкаў і студэнтаў тэалагічнага каледжа, звярнуць увагу на ўласны духоўны стан і на пакліканне, нягледзячы на чалавечыя слабасці, ісці за Хрыстом, вучыцца ў Яго і несці Добрую Навіну іншым людзям.

«Гэта азначае, што мы павінны быць апосталамі нашага часу», — падсумаваў арцыбіскуп.

 

 «Дарагія студэнты Мінскага тэалагічнага каледжа. Вы пакліканы пазнаваць тэалагічныя, катэхетычныя, гістарычныя і іншыя дапаможныя навукі, каб потым дзяліцца сваімі ведамі і асабістай практыкай хрысціянскага жыцця з іншымі.

Сярод дысцыплін, якія вы вывучаеце, асаблівае месца займае Біблія як адзіная разам з Традыцыяй крыніца нашай веры. Няхай яна стане для ўсіх вас голасам Хрыста, які кліча да больш цеснай сувязі з Ім з мэтай пазнаць сваю недасканаласць, вылечыцца ад яе і стаць Мацвеямі нашага часу», — завяршыў сваё настаўленне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Тут жа ў капліцы былі прадстаўлены два новыя выкладчыкі каледжа.

Кс. Павел Эйсмант і новапрэзбітэр кс. Яўген Вінтоў урачыста вызналі сваю веру перад тым, як прыступіць да выканання ўскладзенага на іх Касцёлам адказнага задання каталіцкай адукацыі.

Непасрэдна пасля святой Імшы цырымонія інаўгурацыі навучальнага года працягнулася біблійным сімпозіумам, на заканчэнне якога адбылося ўручэнне залічаным на першы курс навучэнцам заліковых кніжак і ўзнагароджанне выкладчыцы каледжа доктара біблійнай тэалогіі Марыны Пашук залатым папскім крыжам «За заслугі перад Касцёлам і Папам».

Абноўлена 24.09.2019 10:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.