21 верасня ў Слоніме адбыўся XV юбілейны турнір па міні-футболе «Памяці св. Яна Паўла ІІ». У гэтым годзе спартыўнае мерапрыемства сабрала 16 каманд з усёй Беларусі.
Парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў чарговы раз прымала ўдзельнікаў, якія сабраліся на пачатку турніру на святой Імшы, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Іерарх заклікаў удзельнікаў быць адной сям’ёй не толькі на малітве, але і на футбольным полі; быць не супернікамі і праціўнікамі, а перш за ўсё братамі ў Хрысце.
Пасля Імшы ўдзельнікі паглядзелі фільм «Хроніка турніру па футболе 2018 года».
Потым каманды скіраваліся на футбольнае поле, дзе перад пачаткам спартыўных баталій да іх звярнуліся са словам прывітання біскуп Юзаф Станеўскі і Баляслаў Івашка, прадстаўнік ТАА «Виботорг», якое з’яўляецца спонсарам турніру. Сярод ганаровых гасцей прысутнічаў і каардынаваў працу суддзяў прадстаўнік Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футболу» Георгій Вярбіцкі.
Каманды былі падзелены на чатыры групы. Правёўшы па тры матчы ў сваіх групах, удзельнікі выявілі пераможцаў
Пасля абеду каманды выйшлі разыграць выніковыя месцы з 1-га па 16-е. Усе матчы праходзілі ў бескампраміснай барацьбе, неаднойчы даводзілася прабіваць пасляматчавыя пенальці для выяўлення пераможцы.
У матчы за 3-е месца каманда Слоніма (св. Андрэя) і Воранава ў асноўны час матчу згулялі 3-3. Па пенальці з лікам 2-1 перамагла каманда Слоніма, заняўшы 3-е месца.
Фінальная гульня стала ўпрыгажэннем усяго турніру. Каманда Докшыц з лікам 1-0 перамагла каманду Сапоцкіна.
Пасля ўсіх гульняў адбылася цырымонія ўзнагароджання, падчас якой акрамя кубкаў і медалёў, а таксама асноўных намінацый, былі ўручаны прызы лепшым гульцам у кожнай з каманд. Усе ўдзельнікі атрымалі каштоўныя падарункі ад генеральнага спонсара Баляслава Івашкі.
Мерапрыемства завяршылася святочнай вячэрай, да якой арганізатары прыгатавалі 15-кілаграмовы торт.
Выніковыя месцы:
- Докшыцы (Найсвяцейшай Тройцы)
- Сапоцкін (Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча)
- Слонім (св. Андрэя)
- Воранава (святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша)
- Гродна-Вішнявец (Божай Міласэрнасці)
- Грандзічы-Путрышкі
- Гродна-Аўгустовак (Маці Божай Вастрабрамскай)
- Гродна-Дзевятоўка (Найсвяцейшага Адкупіцеля)
- Слонім (Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі)
- Паставы (св. Антонія Падуанскага)
- Брэст (Найсвяцейшай Панны Марыі Багародзіцы)
- Маладзечна (св. Юзафа)
- Баранавічы (св. Зыгмунта)
- Смаргонь (св. Яна Паўла ІІ)
- Мінск-Савіо (св. Яна Хрысціцеля)
- Варапаева (св. Міхала Арханёла)
Асноўныя намінацыі турніру:
Лепшы гулец турніру — Андрэй Астроўскі (Слонім, св. Андрэя).
Лепшы бамбардзір турніру — Аляксей Чарнадараў (Слонім, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі).
Лепшы брамнік турніру — Мікіта Канашыц (Докшыцы, Найсвяцейшай Тройцы).
Прыз глядацкіх сімпатый — каманда Смаргоні (парафія св. Яна Паўла ІІ).