Пошук

23.09.2019 11:14   Тэкст: кс. Юрый Дрозд / Фота: брат Корнэль Консэк SVD / Catholic.by

21 верасня Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах — першая ў Беларусі духоўная навучальная ўстанова для свецкіх вернікаў — распачаў навучальны год і адзначыў дзесяцігоддзе з моманту афіцыйнай рэгістрацыі.

Карані заснавання каледжа сягаюць у 1992 год. Тады ўзнікла ініцыятыва арганізаваць Інстытут вышэйшай хрысціянскай культуры ў Баранавічах. Хутка гэтую ўстанову перайменавалі ў Катэхетычны каледж. У сярэдзіне 2000-х гадоў каледж сустрэўся з некаторымі цяжкасцямі і мусіў часова спыніць дзейнасць. Дзякуючы намаганням кардынала Казіміра Свёнтка восенню 2009 года каледж зноў адкрыў свае дзверы для жадаючых пазнаваць прыгажосць хрысціянскай традыцыі і памнажаць веды ў галінах тэалогіі, філасофіі, педагогікі і псіхалогіі.

Сёлета навучанне на трох курсах каледжа распачалі 53 чалавекі з розных гарадоў і вёсак Беларусі.

Чарговы навучальны год распачаўся святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Ва ўрачыстасцях прыняў удзел таксама дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які прамовіў гамілію, адзначыўшы важнасць паглыблення веры і ведаў аб ёй у сучасным свеце. У сваю чаргу навучэнцы выказалі іерарху віншаванні з нагоды 35-годдзя святарства і 20-годдзя служэння ў якасці біскупа.

Пасля Імшы ў актавай зале адбылася цырымонія распачацця навучальнага года. Віншаванні з гэтай нагоды даслалі намеснік старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Вадзім Шчарбакоў і рэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар Васіль Качурка. Прарэктар універсітэта Віталь Жэрко прыняў непасрэдны ўдзел у мерапрыемстве.

З прамовамі выступілі біскуп Антоні Дзям’янка і дырэктар каледжа кс. Юрый Дрозд.

Біскуп Пінскі, між іншым, адзначыў у сваёй прамове: «Хтосьці запытае: ці ў нашыя часы духоўная ўстанова тэалагічнай адукацыі для свецкіх асобаў настолькі патрэбная і важная? Можа, дастаткова ўмець памаліцца на ружанцы, паспяваць рэлігійныя спевы альбо ведаць Боскіх Асобаў Найсвяцейшай Тройцы. Хтосьці скажа, што мы жывем не ў часы св. Яна Хрызастома, калі гандляркі на рынку ў Канстанцінопалі вялі тэалагічныя дыспуты. І таксама можна мець глыбокую веру, не будучы гігантам тэалагічных ведаў, як св. Ян Віянэй. Можа, гэта і сапраўды так.

Але менавіта інтэлектуальнае пазнаванне Бога прыводзіць часта да таго, што пачынаем глыбей пераасэнсоваць веру і з іншым стаўленнем бяром у рукі ружанец. Тэалагічныя веды вядуць да таго, што молімся мудра».

Звяртаючыся да навучэнцаў каледжа, іерарх сказаў: «Перад вамі раскрываецца свет вялікіх таямніцаў веры: Найсвяцейшая Тройца, Эўхарыстыя, Касцёл, Стварэнне і Бог Створца, Адкупленне і Сын Божы Адкупіцель, Дух Святы і Анёлы. Можа, гэтыя таямніцы вам блізкія, можа, з’яўляюцца штодзённасцю вашай веры. Ніколі, аднак, не пазнаеце іх да канца. Можна толькі іх бясконца пазнаваць. І гэтага вам жадаю».

«Няхай інтэлектуальнае пазнаванне Бога і веры вядзе вас да глыбокай малітвы на каленях перад алтаром. Бо толькі з веры мудрай, адкрытай на Божую ласку, вы пазней у катэхетычных класах, падчас рэлігійных сустрэч і заняткаў, прыватных размоваў і сведчання, у сям’і і ў кожным месцы зможаце на належным узроўні дзяліцца верай і сведчыць сваім жыццём пра яе мудрасць перад іншымі людзьмі», — дадаў біскуп.

Пасля ўручэння дыпломаў выпускнікам і студэнцкіх білетаў першакурснікам прысутныя паслухалі лекцыю на распачацце навучальнага года, якую прачытала выкладчыца каледжа кандыдат гістарычных навук Раіса Зянюк. Яна распавяла аб гісторыі каталіцкай адукацыі ў Беларусі.

Афіцыйная частка завяршылася абедам. Затым адбылася забаўляльная праграма, падрыхтаваная навучэнцамі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця