З 29 жніўня па 14 верасня адбыўся візіт вышэйшага настаяцеля кустодыі меншых братоў капуцынаў Беларусі брата Алега Шэнды OFMCap у архідыяцэзію Лібервіль (Габон, Цэнтральная Афрыка).
Cёлета архідыяцэзія святкуе юбілей 175-годдзя з’яўлення ў горадзе першых католікаў, а фактычна пачатак хрысціянізацыі цэлага рэгіёна Цэнтральнай Афрыкі. На сённяшні дзень насельніцтва Габона складаюць пераважна хрысціяне-католікі. Ёсць таксама прадстаўнікі іншых хрысціянскіх супольнасцяў і невялікая мусульманская дыяспара.
Дзякуючы запрашэнню і гасціннасці Лібервільскага арцыбіскупа Базыля Мвэ Энгонэ SDB на працягу двух тыдняў брат Алег Шэнда меў магчымасць асабіста пазнаёміцца з жыццём адносна маладога, але шматлікага і вельмі дынамічнага габонскага Касцёла. Дастаткова сціплая архітэктура гэтай афрыканскай краіны аздоблена шматлікімі каталіцкімі касцёламі і капліцамі.
Нягледзячы на моўныя абмежаванні, за два тыдні брат Алег меў магчымасць не аднойчы адчуць і пераканацца ў глыбіні веры, унутранай прыгажосці і надзвычайнай зычлівасці мясцовых вернікаў.
Чароўная прыгажосць прыроды гэтай экватарыяльнай краіны з нязвыклым для еўрапейца, крыху дакучлівым кліматам стварае ўмовы, якія абмяжоўваюць матэрыяльныя патрэбы тубыльцаў. Разлеглыя жыллёвыя кварталы габонскай сталіцы ўражваюць еўрапейскае вока сваёй простасцю і сціпласцю, але разам з тым вельмі арганічна ўпісваюцца ў мясцовую прыроду і ў дастатковай ступені забяспечваюць асноўныя патрэбы іх жыхароў.
Разнастайнасць спеваў, танцаў і адзення, якімі аздабляецца рыма-каталіцкая літургія, жаданне і ўменне надзвычай радасна святкаваць святы дзень нядзелі раскрываюць багацце рэлігійных пачуццяў мясцовых жыхароў.
Гісторыя прысутнасці капуцынаў у Габоне налічвае няпоўных дваццаць гадоў. За гэты кароткі час меншыя браты праявілі сябе ў парафіяльнай дзейнасці, разгарнулі душпастырства і клапоцяцца пра хворых, удзельнічаюць у навуковай дзейнасці мясцовага Касцёла, узяліся за арганізаванне пастаяннай апекі над нацыянальным санктуарыем Маці Божай у Габоне.
На сённяшні дзень капуцынская дэлегатура налічвае дзесяць братоў, сярод якіх з лютага 2019 года служэнне ў нацыянальным санктуарыі нясе беларус брат Валеры Кунгер OFMCap, ураджэнец Мазыра.
Асаблівасці гісторыі і культуры гэтай краіны патрабуюць дастаткова часу, каб падрыхтаваць капуцынаў мясцовага паклікання, а да гэтай пары прышчапленне францішканскай харызмы Генеральны міністр даручыў іншым акругам Ордэна.
Падчас візіту і шматлікіх сустрэч рознабакова абмяркоўваліся асаблівасці і патрэбы габонскага Касцёла, а таксама магчымыя шляхі супрацоўніцтва з тамтэйшай кустодыяй меншых братоў капуцынаў, якая, хоць і знаходзіцца далёка ад Беларусі, больш не з’яўляецца для яе чужой.