У нядзелю 15 верасня біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB цэлебраваў святую Імшу ў Плоцку (Польшча), якую трансліраваў адзін з галоўных тэлеканалаў суседняй краіны.
Узначаліць цэлебрацыю Эўхарыстыі беларускага іерарха запрасілі яго сабраты салезіяне. Менавіта прадстаўнікі ордэна, да якога належыць таксама біскуп Аляксандр, нясуць душпастырскае служэнне ў плоцкім касцёле святога Станіслава Косткі, адкуль вялася трансляцыя нядзельнай святой Імшы, арганізаваная каналам польскага тэлебачання «ТВ Палонія».
Сваю гамілію, прамоўленую падчас Эўхарыстыі, біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці распачаў з евангельскай антытэзы — супрацьпастаўлення святла і цемры.
Калі святло неабходна для жыцця і нармальнай дзейнасці, то цемра прыгнятае чалавека. Біскуп Аляксандр праілюстраваў гэта на прыкладзе ўнучкі Зыгмунта Фрэйда, заснавальніка школы псіхааналізу.
Дзяўчынка вельмі баялася цемры, і яе матуля спрабавала дапамагчы дзіцяці пераадолець гэты страх. Нарэшце малая згадзілася згасіць святло ў пакоі, але з адною ўмоваю: каб матуля штосьці казала ёй, пакуль яна не засне. Нават нябачнай прысутнасці мамы было дастаткова, каб дзіця адважылася сустрэцца з цемрай.
«Гэта можа здавацца дзіўным, але менавіта так выглядае і вопыт Бога. Бог не дае магчымасці Яго бачыць, але дае адчуць сваю прысутнасць. Ён, які атаясамлівае сябе са Словам, прамаўляе да слыху, розуму і сэрца чалавека, які знаходзіцца ў цемры. <…>
У гэтай цемры Бог становіцца не столькі святлом, колькі Словам прысутнасці», — адзначыў іерарх.
Разважаючы над прыпавесцямі Езуса Хрыста з нядзельнага Евангелля пра згубленую авечку, згубленую драхму і блуднага сына, біскуп Аляксандр звярнуў увагу на небяспеку адчування самадастатковасці, калі чалавек перастае ўспрымаць сябе як частку адзінага цэлага. Пры такім падыходзе Слова Бога становіцца не целам, а ідэяй, якую чалавек прымае настолькі, наколькі яна адпавядае яго ўласным поглядам і перакананням.
Крызіс дапамагае чалавеку паглядзець на свае адносіны з Богам па-іншаму. Крызісы здараюцца тады, калі чалавек лічыць, што праблема знаходзіцца не ў ім, а звонку, і замест таго, каб змяніць уласнае жыццё, імкнецца змяняць свет вакол сябе.
«Выходзячы з сябе», чалавек губляецца, нібы авечка ці манета, або як блудны сын.
«Езус кажа, што той, хто выйшаў з сябе, увайшоў у крызіс. Штосьці знешняе адбываецца ў нашым жыцці, і мы лічым, што ў гэтым і заключаецца праблема. Але гэта вялікая памылка, таму што праблемы там не вырашаюцца. Нават калі вырашыць адну з іх, узнікне наступная.
Аднак калі штосьці змяняецца ўнутры, тое, што знешняе, адразу набывае сэнс. Не будзе так, што больш нічога здарыцца, але затое ўсё, што здарыцца, набудзе сэнс.
Каб аздаравіць тое, што вакол нас, неабходна вярнуцца да таго, што ў нас», — падкрэсліў біскуп.
Ён дадаў, што гэта — не псіхалогія, а прынцып духоўнага жыцця, жыцця вераю. Менавіта на гэтым шляху чалавек вяртаецца да сябе, а вяртаючыся да сябе, сустракае Бога.
«Для сустрэчы з Богам не патрэбная высокая тэалогія — патрэбная рашучасць.
Так, я жадаю вярнуцца ў дом Айца, хачу вярнуцца да сябе; так, я хачу зноў распачаць жыццё ў Духу, жыццё ў веры», — зазначыў іерарх.
На яго думку, першым крокам на гэтым шляху павінна стаць адмаўленне ад змагання са светам. Хоць у свеце адбываецца шмат зла, аднак усё гэта толькі сімптомы, а прычына хваробы знаходзіцца ўнутры.
«Мы не можам засяродзіцца на тым, што звонку: „У Тваім святле мы бачым святло“. У нашым розуме святла няма. Мы ведаем тэорыю і пры гэтым сумуем. Мы як быццам дома, але нас гэта не радуе.
Жыццё веры — гэта не логіка ахвяры і абавязкаў: <…> гэта логіка любові!
Клапатлівы пастыр, старанная гаспадыня, айцец дома кажуць нам сёння: хрысціянства не павінна змяняць свет — хрысціянства павінна свет любіць! А сапраўдная любоў усё перамяняе.
Настаў час выправіцца ў гэтае падарожжа, падарожжа любові, каб вярнуцца да сябе, у дом Міласэрнага Айца», — завяршыў сваю гамілію біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Як адзначылі тыя, хто слухаў слова пастыра з Беларусі, яно глыбока ўзрушыла іх сэрцы, прымусіўшы адаравацца ад надзённых, але прамінальных рэчаў, і задумацца над тым, што з’яўляецца адзіна важным у жыцці чалавека ў перспектыве вечнасці.