Пошук

17.09.2019 10:15   Тэкст: Кацярына Дурко / Фота: Аксана Бажко / Catholic.by

14 верасня парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы адзначала адпустовую ўрачыстасць. Падрыхтоўка да яе пачалася 12 верасня, калі вернікі прывіталі фігуру Арханёла Міхала, якая прыбыла ў парафію ў межах перэгрынацыі, што адбываецца ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

На працягу некалькіх дзён парафіяне ўзносілі праз заступніцтва Арханёла Міхала просьбы аб вызваленні ад усялякіх залежнасцяў і духоўна рыхтаваліся да ўрачыстасці.

Адпустовую святую Імшу цэлебраваў ініцыятар і арганізатар перэгрынацыі фігуры Арханёла кс. Ігар Лашук, пробашч парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах. На пачатку Эўхарыстыі пробашч парафіі ксёндз канонік Аляксандр Барыла прывітаў парафіянаў і гасцей і заахвоціў у гэты дзень паглядзець на крыж як на алтар, на якім адбылася ахвяра збаўлення чалавецтва.

У гаміліі кс. Ігар распавёў гісторыю свята Узвышэння Святога Крыжа, калі ў IV стагоддзі св. Гэлена, маці імператара Канстанціна, знайшла Крыж Хрыста.

Тады адбылося ўзвышэнне крыжа, і гэты знак назаўсёды стаў сімвалам Божай перамогі. Святар заахвоціў вернікаў ніколі не саромецца галоўнага хрысціянскага знаку, які павінен знаходзіцца і ўшаноўвацца ў кожнай хрысціянскай сям’і.

Пасля Імшы адбылася ўрачыстая Эўхарыстычная працэсія з фігурай Арханёла Міхала вакол цэнтральнай плошчы горада.

Напрыканцы адпустовага набажэнства кс. Ігар Лашук заахвоціў вернікаў да ўдзелу ў Апостальстве добрай смерці і штодзённай малітвы ў інтэнцыі за душы, якія церпяць у чыстцы.

Фігура Арханёла Міхала застанецца ў Вілейцы да 17 верасня, таму пробашч ксёндз канонік Аляксандр Барыла заахвоціў сваіх парафіянаў у гэтыя дні больш часу прысвячаць малітве і звяртацца да Бога праз заступніцтва Арханёла.

 

Абноўлена 17.09.2019 11:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа