Пошук

13.09.2019 14:25   Тэкст: кс. Францішак Рудзь / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

12 верасня ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці адкрылася выстава-прэзентацыя гісторыка-культурных каштоўнасцяў «Нематэрыяльная культурная спадчына Міншчыны». Каталіцкі Касцёл на мерапрыемстве прадставіў ксёндз канонік Францішак Рудзь.

У 2003 г. ЮНЕСКА прыняло Міжнародную канвенцыю аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

У 2004 г. Рэспублiка Беларусь падпісала гэты дакумент, стаўшы адной з першых краін-удзельніц па яго рэалізацыі.

Вядзеннем Інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны займаецца Інстытут культуры Беларусі.

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ў Мінскай вобласці нададзены 12 аб’ектам: каляднаму абраду «Цягнуць Каляду на дуба» (в. Новіны Бярэзінскага раёна); абраду «Перанос Міхайлаўскай свечкі» (аг. Вяляцічы Барысаўскага раёна); традыцыі ткацтва паясоў (аг. Ракаў і аг. Сакаўшчына Валожынскага раёна); каляднаму абраду «Цары» (в. Семежава Капыльскага раёна); закладной тэхніцы ткацтва чырвона-белых ручнікоў (в. Семежава Капыльскага раёна); традыцыі шанавання святога каменя (в. Крамянец Лагойскага раёна); мясцоваму песеннаму стылю выканання традыцыйных абрадавых і неабрадавых песень аўтэнтычнымі фальклорнымі калектывамі «Журавушка», «Глыбокія крыніцы», «Павалякі» (в. Закальное, в. Обчын, в. Ямінск Любанскага раёна); урачыстасці ў гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай «Будслаўскі фэст» (аг. Будслаў Мядзельскага раёна); каляднаму абраду «Шчадрэц» (в. Рог Салігорскага раёна); песеннай традыцыі міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы (в. Баранава і в. Прусы Старадарожскага раёна); выканальніцкаму майстэрству ў жанры казачнай прозы Лідзіі Цыбульскі (в. Магільна Уздзенскага раёна), абрадавай гульні «Ката пячы» (аг. Скірмантава Дзяржынскага раёна).

Гэтым аб’ектам і прысвечана выстава, якая працягнецца да 13 кастрычніка.

Асаблівая ўвага на адкрыцці выставы была нададзена аб’ектам, якія не толькі ўвайшлі ў нацыянальны спіс духоўнай спадчыны, але і былі ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Імі сталі ў 2009 г. фальклорнае тэатралізаванае прадстаўленне «Калядныя цары» з вёскі Семежава Капыльскага раёна і ў 2018 г. Будслаўскі фэст — свята ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай.

У сваёй прамове кс. канонік Францішак Рудзь распавёў пра гісторыю Будслаўскага санктуарыя і свята ў гонар абраза Маці Божай.

Святар адзначыў, што любоў да Маці Божай і ўрачыстасці ў Яе гонар даўно сталі элементам паўсядзённага жыцця нашых продкаў, якія перадалі нам, нашчадкам, гэты элемент рэлігійнай культуры.

Пра гэта ў 1838 г. пісаў у сваёй аўтабіяграфічнай аповесці «Смерць майго дзядулі» знакаміты беларускі літаратар XIX ст. Ігнат Ходзька. Ён нарадзіўся ў 1794 г. у маёнтку Заблошчына, які знаходзіўся ў 7 км ад Будслава. Асаблівае месца ў яго аповедзе заняло апісанне будслаўскага касцёла і шанавання абраза Маці Божай:

«У дні яснага надвор’я было добра відаць дзве вежы з крыжамі. Гэты выгляд упрыгожваў ваколіцы, быў вельмі мілым. Мясцовыя жыхары любілі касцёл за яго прыгожую архітэктуру і ўнутранае ўбранне. Будслаўскі касцёл быў пабудаваны на ўзвышшы, што рабіла яго бачным на ўсю акругу.

Людзі, якія ішлі да Будслава з аддаленых бакоў на споведзь і ў надзеі на адпушчэнне грахоў, радаваліся, убачыўшы высокія вежы касцёла. Ён выглядаў то злева, то справа над дрэвамі лесу вакол Будслава, калі людзі ішлі па забалочаных нізінах.

Галоўным упрыгожваннем касцёла была ікона…»

Аўтар таксама адзначыў, што будслаўская капэла выхоўвала эстэтычны густ у людзей.

Культ Маці Божай і Яе шанаванне сталі не толькі элементам паўсядзённага рэлігійнага жыцця людзей. Ён змяняў і эканамічнае жыццё рэгіёнаў.

Гэты факт быў адзначаны прадстаўнікамі сацыяльна-эканамічнай школы ў гісторыі — З. Копыскім, А. Грыцкевічам і С. Александровічам. У сваіх працах навукоўцы вызначылі, што кірмашы на тэрыторыі Беларусі праходзілі часцей па рэлігійных святах.

На кірмашы ў Будслаўскі рэгіён з’язджаліся купцы з усёй Беларусі.

Маштабы гандлю і тавараў, між іншым, былі запісаныя ў кнігах магістратаў Мінска і Магілёва.

 

Нематэрыяльная спадчына перадаецца з пакалення ў пакаленне і фарміруе ў грамадства пачуццё самабытнасці і пераемнасці.

Вельмі важна, што вернікі захавалі нашу шматвяковую традыцыю святкавання Будслаўскага фэсту.

Вобраз Маці Божай Будслаўскай стаў для нас не толькі святочным культам, але і неад’емнай часткай паўсядзённага жыцця. Гэтую духоўную каштоўнасць мы перададзім наступным пакаленням.

Абноўлена 13.09.2019 15:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.