Пошук

12.09.2019 12:06   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Уладзіслава Козела

18 гадоў таму, 12 верасня 2001 года, у свята Найсвяцейшага Імя Марыі, у Пінску была адноўлена дзейнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага.

Першапачаткова заснавальнікам Духоўнай семінарыі ў Пінску стаў слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі. У цяжкія часы гэты адданы пастыр імкнуўся падтрымліваць жыццё Касцёла і яго структуры на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Біскуп Зыгмунт Лазінскі тройчы рабіў спробы стварэння вышэйшай і ніжэйшай семінарый: першы раз у Мінску 10 кастрычніка 1918 г., другі раз у Навагрудку 1 кастрычніка 1921 г., а трэці — у Пінску 12 верасня 1925 г.

Духоўная семінарыя ў Пінску паспяхова дзейнічала да 1939 года і за гэты час падрыхтавала больш за 90 святароў, многія з якіх адыгралі заўважную ролю ў жыцці Касцёла на нашых землях, сталі мучанікамі за веру, адданымі і самаахвярнымі душпастырамі, пра якіх з глыбокай пашанай успамінаюць усе, хто з імі сустракаўся.

Пінская семінарыя ў міжваенны час. Фота the-dialogue.com

Сярод выпускнікоў семінарыі можна ўзгадаць такіх вядомых асоб, як кардынал Казімір Свёнтэк, біскуп Драгічынскі Уладзіслаў Ендрушук, прафесар Акадэміі каталіцкай ідэалогіі ў Варшаве ксёндз Уладзіслаў Гладоўскі, благаслаўлёны мучанік Другой сусветнай вайны ксёндз Мечыслаў Багаткевіч, ксяндзы Гжэгаж Каласоўскі, Станіслаў Лазар, Ежы Росяк, Станіслаў Рыжка і іншыя.

Пасля ўз’яднання Беларусі ў верасні 1939 г. дзейнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску была гвалтоўна спынена савецкім атэістычным рэжымам.

Адраджэнне і новае адкрыццё семінарыі ў некаранаванай сталіцы беларускага Палесся адбылося 12 верасня 2001 года.

Гэта стала магчымым дзякуючы самаахвярным намаганням сведкі веры, першага і адзінага ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынала Казіміра Свёнтка, былога выпускніка Alma mater на беразе Піны. Дэкрэт Апостальскай Сталіцы аб адкрыцці семінарыі падпісаў 31 мая 2001 г. святы папа Ян Павел ІІ.

Фота Рамана Сушы

Кардынал Свёнтэк паклапаціўся аб капітальным рамонце будынка былога францішканскага кляштара, куды зноў пасля дзесяцігоддзяў панавання савецкага рэжыму вярнулася навучальная ўстанова.

Да мінулага года семінарыя ў Пінску з’яўлялася міждыяцэзіяльнай.

За васямнаццаць гадоў яе «новай маладосці» 48 выпускнікоў семінарыі сталі святарамі і цяпер нясуць служэнне ў Пінскай і Віцебскай дыяцэзіях, а таксама ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Цяпер гэтая духоўная навучальная ўстанова рыхтуе будучых святароў толькі для Пінскай дыяцэзіі.

Менавіта ў свята Найсвяцейшага Імя Марыі, тытул якой носіць семінарыйная капліца, сёлета распачаліся заняткі ў семінарыстаў. Афіцыйнае адкрыццё (інаўгурацыя) новага навучальнага года 2019–2020 адбудзецца тут 26 верасня.

Абноўлена 12.09.2019 13:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.