Вераснёўскі нумар часопіса «Ave Maria» прысвечаны каталіцкай адукацыі, яе даўнім традыцыям, якія склаліся на нашых землях, бадай, з самага прыходу сюды хрысціянства. Гэтая тэма разглядаецца ў асноўных матэрыялах нумара.
Яго дэвізам могуць быць словы св. Яна Паўла ІІ з прамовы да ўдзельнікаў Міжнароднага кангрэсу каталіцкіх вучэльняў Еўропы, якія прыводзіць галоўны рэдактар Крыстына Лялько, гаворачы пра мэту каталіцкай адукацыі:
«Прыўнесці ў культуру еўрапейскага грамадства <…> скарб Евангелля, каб будаваць цывілізацыю любові, братэрства, салідарнасці і супакою».
Пастаянны аўтар часопіса айцец Юрый Кулай, кармэліт, у сваім артыкуле «Шлях развіцця веры» разважае пра тое, што веры таксама трэба вучыцца, і разглядае этапы яе ўзрастання.
У грунтоўным інтэрв’ю ксёндз доктар Ян Крэміс распавядае аб працы тэалагічнага каледжа ў Мінску. Стаць студэнтам каледжа — цудоўная магчымасць паглыбіць свае рэлігійныя веды і нават стаць спецыялістам-катэхетам, каб выкладаць рэлігію дзецям і дарослым. Навучанне ў каледжы завочнае і таму даступнае для ўсіх.
Вельмі важным месцам для многіх беларускіх вернікаў, якія жадаюць удасканальвацца ў веры, стаў рэкалекцыйны дом у Оршы. Пра курсы і рэкалекцыі, якія праводзяцца там, распавядае ў інтэрв’ю ксёндз Аляксандр Жарнасек, марыянін.
Айцец Яўген Голуб, францішканін, распачынае ў вераснёўскім нумары часопіса серыю артыкулаў, асабліва цікавых для душпастыраў, якія працуюць з моладдзю. Ён разважае над тым, што такое сучаснае пакаленне моладзі — «пакаленне Z», — і як працаваць з ім.
У рубрыцы «Мы пра гэта пісалі» ўзгадваем пра парады св. Тамаша Аквінскага студэнтам. Яго мудрыя словы не страцілі актуальнасці і сёння і могуць стаць добрым заахвочваннем да руплівай вучобы.
Спецыяльна для тых, хто замест прагляду серыялаў жадае прысвячаць свой час карысным рэсурсам і шукае магчымасці здабываць новыя веды праз інтэрнэт, Дар’я Ахламёнак падрыхтавала спіс цікавых хрысціянскіх парталаў розных кірункаў і фарматаў.
У пастаяннай рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» рэктар духоўнай семінарыі ў Пінску ксёндз Андрэй Рылка распавядае, што такое масонства, у чым сутнасць гэтага вучэння і тлумачыць, чаму яно несумяшчальнае з хрысціянскаю вераю.
Таксама ў вераснёўскім часопісе мы пішам пра значную і радасную падзею для беларускага Касцёла: асвячэнне новай святыні ў Беліцы, мястэчку ў Гродзенскай дыяцэзіі, дзе гісторыя каталіцтва пачалася ў далёкім ХV стагоддзі.
Тут жа можна прачытаць вялікае інтэрв’ю з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам з нагоды яго 70-годдзя, у якім іерарх разважае аб развіцці Касцёла на Гродзеншчыне з часу аднаўлення яго структур.
У інтэрв’ю з Валянцінай Аўсянікавай, якая вучыцца іканапісу, «Не ты пішаш ікону, а ікона піша цябе…» чытач даведаецца пра тое, што такое іканапісная школа, як і дзе можна атрымаць досвед пісання іконаў.
Нагадваем, што ў выдавецтве «Pro Christo» выйшаў катэхізіс для моладзі YOUCAT на беларускай мове. Вельмі простай мовай у форме пытанняў і адказаў у кнізе тлумачацца праўды хрысціянскай веры, сутнасць сакрамэнтаў, асновы хрысціянскай этыкі, таму гэты катэхізіс будзе вельмі карысным для ўсіх, хто жадае паглыбіць свае рэлігійныя веды, а таксама для выкладчыкаў рэлігіі, душпастыраў і катэхетаў.
Працягваецца юбілейны конкурс, прысвечаны 25-годдзю часопіса «Ave Maria». Запрашаем да ўдзелу!