6–8 верасня ў Верхнядзвінску адзначылі 210-гадовы юбілей касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
Святкаванні распачаліся ў пятніцу 6 верасня адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і святой Імшой у вігілію Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. На наступны дзень Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі здзейсніў благаслаўленне новага крыжа, усталяванага ў Верхнядзвінску замест ранейшага драўлянага, пасля чаго ў касцёле адбылася ўрачыстая святая Імша. Потым перад парафіянамі і гасцямі выступіў з канцэртам гурт Laudans з Мінска.
У нядзелю ў парафіі святкавалі 10-годдзе святарства яе пробашча кс. Аляксандра Грыцкевіча.
У размове з газетай «Дзвінская праўда» кс. Аляксандр Грыцкевіч адзначыў:
«Калі разглядаць касцёл толькі як архітэктурную пабудову, то 210 гадоў — гэта не так і шмат. Мы з вамі добра ведаем архітэктурныя помнікі на тэрыторыі Беларусі значна ранейшага перыяду, напрыклад, велічныя храмы віленскага барока ці позняй готыкі. А вось калі ўяўляць касцёл як святыню Духа Святога і супольнасць выбранага Богам народа, то для парафіі ў Верхнядзвінску гэта важная дата.
Чарговы юбілей пацвярджае, што карані каталіцкай веры на нашых землях вельмі глыбокія. Больш за тое, яны вельмі трывалыя, бо якія б выпрабаванні на працягу гісторыі ні перажываў наш касцёл, ён заўсёды адраджаўся.
Памятаючы словы Хрыста, што нават брамы пякельныя не змогуць перамагчы Касцёл Божы, нашыя людзі на працягу гісторыі баранілі веру, адбудоўвалі касцёл і адраджалі парафію ў Верхнядзвінску».
Па словах святара, «гісторыя Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне, і асабліва на Верхнядзвіншчыне, сведчыць, што на Беларусі Бог жыве». «Асаблівы росквіт Касцёла прыпадае на часы Вялікага Княства Літоўскага. Манаскія ордэны: дамінікане, францішкане, езуіты — прынеслі нашым людзям не толькі рэлігійную адукацыю, але таксама культуру і асвету, — сказаў пробашч парафіі. — Манахі ордэна святога Дамініка прычыніліся таксама і да гісторыі нашага касцёла, які на пачатку свайго існавання быў філіяй Забельскага кляштара дамініканаў».
Кажучы пра тое, што ўдалося зрабіць у вехнядзвінскай парафіі за апошняе трыццацігоддзе, святар адзначыў: «Галоўнае — гэта тое, што адрадзілася парафія, людзі прыйшлі ў касцёл. Спачатку нясмела, памятаючы, як небяспечна было публічна вызнаваць сваю веру ў савецкія часы. Потым усё адважней і адважней. Верхнядзвінскаму касцёлу пашчасціла са святарамі, якія сталі сапраўднымі духоўнымі пастырамі для сваіх “рассеяных авечак”. З 1990 года пастырскую службу тут неслі выбітныя пробашчы: Стэфан Пракурат, Уладас Пятрайціс, Клаўдзіюш Прызмант, Томаш Юньчык, Тадэвуш Кавальскі.
Дзякуючы гэтым святарам адбываліся ўсе знешнія і ўнутраныя духоўныя змены ў нашым касцёле.
Божае слова прапаведвалася адкрыта і гучна. Удзяляліся святыя сакрамэнты, асабліва шматлікімі былі хросты як дзяцей, так і дарослых. Людзі, якія часам па некалькі дзесяцігоддзяў не былі ў споведзі, нарэшце маглі ачысціць сваю душу ад грахоў. Паступова вярталася свядомасць таго, што сумеснае жыццё без касцёльнага шлюбу — гэта вялікі грэх. На пахаванні пачалі клікаць святара. Людзі гарнуліся да Бога, а Бог саграваў іх зледзянелыя сэрцы».
«Паступова адбудоўваўся і прыгажэў гмах нашага касцёла: рабіліся знешнія і ўнутраныя рамонты, аднаўляліся алтары, была падцягнута вежа, пабудавалі плябанію, — распавёў пробашч. — З цягам часу тэрыторыя вакол касцёла набывала абрысы “батанічнага саду” і вабіла жыхароў горада ўтульнасцю і прыгажосцю. Дзякуючы ахвярнасці нашых вернікаў у апошнія гады былі знешне пафарбаваны касцёл і плябанія, заменена на каваную агароджа, усталяваны крыж у мікрараёне. Ёсць яшчэ шмат планаў па ўпрыгожванні нашай святыні і навакольнай тэрыторыі. Хацелася б выканаць і даўнюю мару былога пробашча а. Томаша Юньчыка — усталяваць на вежы званы».
Найбольшы ўклад ва ўмацаванне касцёла ў Верхнядзвінску, па словах кс. Аляксандра, унеслі парафіяне, якія дабіваліся перадачы святыні вернікам, ездзілі з гэтай просьбай у Маскву, ахвяроўвалі сродкі, сілы і час на адбудову і рамонты.
Узнёслыя імпульсы адраджэння абуджалі, узмацнялі і накіроўвалі духоўныя пастыры.
«Думаю, што ўсе мары і задумы, згодныя з Божай воляй, будуць паступова здзяйсняцца ў свой час, і жыхары нашага горада гэта ўбачаць. За што ўжо зараз хачу падзякаваць Богу, дык гэта за велічны крыж, які ўсталяваны замест драўлянага ў мікрараёне Верхнядзвінска», — кажа пробашч.