Пошук


4 верасня біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка нанава здзейсніў асвячэнне касцёла святога Юзафа ў Ляхавічах, у якім на працягу дзесяцігоддзяў знаходзіўся шпіталь. У 1910 г. касцёл быў асвячаны біскупам Янам Цеплякам.

На ўрачыстае адкрыццё святыні сабраліся многія вернікі не толькі з Ляхавіч, але і з Баранавіцкага, Ганцавіцкага і Пінскага дэканатаў.

Падзяліць радасць аднаўлення касцёла ў духу братэрства, сабралася немалая колькасць духавенства, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў з Пінскай дыяцэзіі, а таксама з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі.

На запрашэнне прыбылі і мясцовыя ўлады, якія таксама аказвалі дапамогу гэтай парафіяльнай супольнасці і скіравалі найлепшыя пажаданні новаму пробашчу і вернікам.

Парафіяне прывіталі біскупа Пінскай дыяцэзіі пры галоўным уваходзе ў святыню. Потым іерарх благаславіў абраз Святой Сям’і і крыж на фасадзе касцёла.

Сімвалічным ключом былі адчынены дзверы святыні, і ўсе вернікі ў адказ на заклік біскупа: «З радасцю пойдзем у дом Пана» ўвайшлі ў касцёл.

У знак перапрашэння за знявагі святыні біскуп разам са святарамі пад спеў суплікацыі «Святы Божа» ляглі на падлогу крыжам. Затым пастыр дыяцэзіі асвяціў сцены касцёла, пасля чаго распачалася літургія слова.

На пачатку гаміліі біскуп прывітаў прысутных святароў і падзякаваў святарскай радзе за мудрае рашэнне аднавіць святыню, кожнаму святару — за падтрымку і дапамогу ў гэтым, а таксама за шчодрыя ахвяраванні паўсюднага Касцёла.

Іерарх прыгадаў гісторыю касцёла і асобаў, звязаных з парафіяй св. Юзафа на працягу яе дзейнасці.

У пасляваенны час аб духоўным развіцці вернікаў клапаціўся ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі, які прыязджаў у Ляхавічы з суседняй парафіі ў Мядзведзічах. Падчас патаемнай падрыхтоўкі да святарства з 1974 па 1978 гг. тут працаваў качагарам святой памяці кс. Рышард Юнік, шматгадовы пастыр парафіі ў Рубяжэвічах.

У гаміліі было падкрэслена важнае значэнне святыні ў жыцці хрысціянаў і канкрэтна для кожнага чалавека. Як дадаў біскуп, святыня — гэта месца сустрэча чалавека з Богам у сакрамэнтах.

Пасля гаміліі парафіяне з запаленымі свечкамі ў руках вызналі веру і адракліся ад усялякага зла. Затым адбылося асвячэнне і акаджэнне алтара і табэрнакулюма.

Пасля святой Камуніі канцлер Пінскай дыяцэзіі прачытаў дэкрэт аб прызначэнні кс. Паўла Мазана пробашчам гэтай парафіі.

Новы пробашч публічна вызнаў веру і абяцаў ахвярна служыць на духоўную карысць вернікам, а дэкан Ляхавіцкага дэканату кс. доктар Ян Саламон нагадаў аб прывілеях і абавязках пробашча і парафіянаў.

Напрыканцы літургіі адбылося асвячэнне абразоў Езуса Міласэрнага і Найсвяцейшай Панны Марыі, якія былі ўстаноўлены ў бакавых алтарах. Перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам вернікі памаліліся Літаніяй да святога Юзафа і прамовілі малітву праз заступніцтва благаслаўлёных мучаніц з Навагрудка ў дзень іх літургічнага ўспаміну.

Біскуп Антоні Дзям’янка нагадаў, што благаслаўлёная сястра Стэла Мардасевіч нарадзілася прыблізна ў 20 кіламетрах ад Ляхавіч у Цясноўцы па дарозе на Слуцк.

У літургіі ўдзельнічалі студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску і хор пінскай катэдры.

Пасля ўрачыстай часткі парафіяне прапанавалі ўсім гасцям пачастунак на прыкасцёльным пляцы.

Абноўлена 06.09.2019 11:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.