2 верасня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася сустрэча катэхетаў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Гэтай сустрэчай быў урачыста распачаты катэхетычны год у дыяцэзіі.
Як паведаміў партал Grodnensis.by, на сустрэчы сабралося каля 50 катэхетаў: святары, сёстры законныя, свецкія асобы. Падчас яе катэхеты праслухалі канферэнцыю, прынялі ўдзел у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і ў святой Імшы.
У дакладзе на тэму «Уздзеянне інтэрнэту на моладзь і дзяцей» кс. доктар Юрый Жэгарын, пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку, звярнуў увагу на наступствы бескантрольнага доступу дзяцей да інтэрнэту, праблему залежнасці дзяцей ад карыстання смартфонамі.
Святар адзначыў, што з кожным годам інтэрнэтам карыстаецца ўсё больш людзей. У віртуальнай прасторы карыстальнікі, асабліва маладыя, праводзяць усё больш часу. У сярэднім моладзь прысвячае 3 гадзіны ў суткі на карыстанне інтэрнэтам. Лёгкі доступ і бескантрольнае карыстанне прыводзіць да многіх негатыўных наступстваў, якія кожны катэхет павінен улічваць і старацца ў супрацоўніцтве з бацькамі катэхізаваных дзяцей, выпрацоўваць правільны падыход маладога пакалення да сучасных сродкаў камунікацыі.
Ксёндз Жэгарын закрануў таксама праблему другаснай і фунцыянальнай неадукаванасці, якая паўстае з-за празмернага карыстання інтэрнэтам ў забаўляльных мэтах. Катэхетам былі прапанаваныя выхаваўчыя парады для адказнага карыстання інтэрнэтам і выкарыстання яго з найбольшай карысцю ў катэхезе.
Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у інтэнцыі ўсіх, хто займаецца катэхізацыяй у дыяцэзіі.
Іерарх заклікаў катэхетаў, на якіх, па яго словах, Касцёл глядзіць з надзеяй, актыўна служыць у сваіх парафіяльных супольнасцях, асабліва ідучы да ўсіх, хто прагне Божай праўды. Біскуп дадаў, што кожны катэхет, каб перадаваць Божае слова сваім падапечным, павінен сам найперш пазнаваць і паглыбляць яго веданне ў малітве, Эўхарыстыі і праз удзел у рэкалекцыях і днях засяроджання.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў катэхетам за спаўненне гэтай вялікай задачы і рэалізацыю словаў Езуса Хрыста: «Ідзіце і абвяшчайце».
Іерарх пажадаў, каб новы катэхетычны год быў багатым на Божую ласку, а штодзённае служэнне дзецям і моладзі прыносіла толькі радасць і задавальненне.
Сустрэча, якая завяршылася супольным абедам, дадала катэхетам духоўных сіл, патрэбных для таго, каб весці дзяцей і моладзь да Бога — крыніцы ўсялякага дабра.
Яе ўдзельнікі таксама мелі магчымасць абмяняцца вопытам у штодзённым навучанні і метадамі, якія выкарыстоўваюць у працы.