Пошук

02.09.2019 11:19   Паводле: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / sdb.by

28 жніўня ў смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла пры моладзевым араторыі імя святога Яна Боско была ўрачыста адкрыта спартовая пляцоўка, якая атрымала імя благаслаўлёнага салезіяніна Стэфана Шандара.

Як паведаміў партал салезіянскай супольнасці ў Беларусі sdb.by, на спартовае свята была запрошана моладзь з усіх салезіянскіх араторыяў нашай краіны. Маладыя людзі пазмагаліся за першы спартыўны трафей на новай пляцоўцы, абараняючы гонар свайго араторыя ў валейбольных спаборніцтвах.

Распачалося адкрыццё з малітвы і словаў падзякі ад рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктара Гайдукевіча SDB.

Ксёндз дэлегат падзякаваў усім, хто нейкім чынам прычыніўся да стварэння новага спартовага аб’екту.

Сярод тых, чый унёсак быў асабліва адзначаны рэгіянальным настаяцелем, Смаргонскі райвыканкам, ДРСУ № 134, філіял КУП «Гроднааблбуд», УП «Iнстытут Маладзечнапраект» і асабіста Мікалай Гапон, Валянцін Тоўкач і дабрачыннае каталіцкае таварыства арганізацыі Caritas дыяцэзіі Лінца з Аўстрыі ў асобе яго супрацоўніцы Зігрыт Шпільдэльбэк.

Новапабудаваная пляцоўка была перададзена ў распараджэнне моладзі і мясцовым душпастырам ксяндзу Алегу Жураўскаму SDB, дырэктару смаргонскай салезіянскай супольнасці, і ксяндзу Артуру Ляшнеўскаму SDB, адказнаму за араторый святога Яна Боско, якія будуць клапаціцца, даглядаць і арганізоўваць дзейнасць на спартовым аб’екце.

Ва ўрачыстай цырымоніі адбылося благаслаўленне пляцоўкі, пасля чаго была перарэзана сімвалічная чырвоная стужка.

Моладзь выйшла на штучны газон, і новая пляцоўка «ажыла» ў першых спартовых спаборніцтвах.

Кожная каманда, якая брала ўдзел у адкрыцці спартовай пляцоўкі і першых спаборніцтвах, атрымала прызы і ўзнагароды за ўдзел.

Увечары юнакі і дзяўчаты са смаргонскага араторыя прадставілі сцэнку пра жыццё благаслаўлёнага Стэфана Шандара, а завяршылася свята традыцыйным салезіянскім «словам на добрую ноч».

Фотарэпартаж з адкрыцця ТУТ>>>

Пляцоўка імя благаслаўлёнага Стэфана Шандара адкрыта акурат перад новым навучальным годам і цяпер будзе служыць справе выхавання моладзі і загартоўвання душаў і целаў.

Абноўлена 03.09.2019 00:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця