Пошук

02.09.2019 13:33   Catholic.by

1 верасня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Барысаве, дзе благаславіў і ўмураваў вуглавы камень новага парафіяльнага і законнага дома, будову якога вядуць айцы марыяне.

На пачатку іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы. У прамоўленай гаміліі ён засяродзіўся на цноце пакоры, якая была цэнтральнай тэмай чытанняў ХХІІ звычайнай нядзелі.

«Цнота пакоры дазваляе стаць у праўдзе адносна самога сябе і заўважаць іншага чалавека», — падкрэсліў напачатку арцыбіскуп.

Пастыр Мінска-Магілёўскага Касцёла адзначыў, што добрае выхаванне маладога чалавека павінна развіваць у ім гэтую цноту, прыкладам чаго з’яўляецца Езус Хрыстус, які называе сябе ціхім і пакорным сэрцам.

«Чалавек, які з маладосці вучыцца пакоры, набывае жыццёвую мудрасць. <…> У наш час неабходна нанава вярнуцца да цноты пакоры. Яна крые ў сабе вялікую моц вырашэння канфліктаў, і наадварот: яе недахоп з’яўляецца прычынай непаразуменняў у сям’і, калектыве і грамадстве», — сцвердзіў іерарх.

Пры гэтым ён адзначыў, што цяжка быць пакорным, асабліва ў наш час імкнення да аўтаноміі і індывідуалізму.

«Сёння цэніцца ганарлівасць і самаўзвышэнне, а не служэнне іншым.

Дзяржаўныя і грамадскія структуры без цноты пакоры хутка ператвараюцца ў структуры зла, у якіх сістэма імкнецца падпарадоўваць людзей і маніпуляваць імі», — канстатаваў арцыпастыр.

Таму, як пазбегнуць гэтага, паводле яго, вучыць першае літургічнае чытанне з кнігі Мудрасці Сіраха, якое падае прынцыпы выхавання маладога чалавека, каб ён здабыў сапраўдную мудрасць.

«Той, хто хоча быць шчаслівым, павінен слухаць і быць паслухмяным. На этапе фармацыі маладога чалавека няма „дэмакратыі“», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

На яго думку, сучасны свет прапануе шмат мадэляў выхавання, якія прапагандуюць талерантнасць і бясстрэсавасць, пад чым разумеецца дазвол на ўсё, што хоча дзіця ці малады чалавек. Слова Божае, аднак, часта нагадвае пра пакаранне, якое трэба разумець як заўвагу, а не здзек.

«У Евангеллі Езус паказвае пакору як „распазнаўчы знак“ сваіх вучняў.

Ён прапануе логіку быцця апошнім, каб потым стаць першым. Езус сам стаў „апошнім“: быў укрыжаваны і так збавіў свет. Таксама і пакорны хрысціянін бачыць праблемы бліжняга і імкнецца яму дапамагчы, а не прайсці міма», — дадаў іерарх.

Ён таксама нагадаў, што на праблему дзейснай міласэрнасці звяртае ўвагу папа Францішак, які заклікае не кіравацца ў жыцці выключна эгаістычным разлікам і вузкімі ўласнымі інтарэсамі.

У кантэксце благаслаўлення вуглавога каменя пад парафіяльны і законны дом арцыбіскуп звярнуў увагу на рэфрэн рэспансарыйнага псальму: «Божа, Ты падрыхтаваў дом убогаму».

«Гаворка ідзе пра дом у Божым Валадарстве. Аднак нам патрэбны і зямны дом. Айцы марыяне доўгія гады не мелі тут паўнавартаснага жылля. Але Бог дае ім сёння такую магчымасць, і нарэшце ў Барысаве будуецца сапраўдны парафіяльны дом і кляштар», — адзначыў іерарх.

Ён выказаў спадзяванне на тое, што ў новым доме законнікам будзе зручней выконваць свае абавязкі, а вернікі змогуць без перашкодаў сустракацца ў ім са сваімі пастырамі.

«Пакорным можна быць не толькі ў сціплым доме, але і ў дастойным», — заўважыў арцыбіскуп. Ён заклікаў вернікаў усім сэрцам прыняць Божае слова і вучыцца цноты пакоры, якая з’яўляецца шляхам да шчасця ў доме Божага Валадарства.

Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў дзецям і іх бацькам пра пачатак новага навучальнага года і абавязак удзелу ў катэхізацыі. У Дзень ведаў арцыпастыр таксама асвяціў школьныя прылады.

Абноўлена 02.09.2019 14:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.