У жніўні споўнілася пяць гадоў дзейнасці грамадскага аб’яднання «Цэнтральная служба ананімных алкаголікаў», што дзейнічае пры мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай на Каменнай Горцы.
Гэтая арганізацыя існуе ў Беларусі ўжо больш за 20 гадоў. Яе філіялы знаходзяцца пераважна ў буйных гарадах нашай краіны. Галоўнай мэтай яе дзейнасці з’яўляецца фарміраванне ў чалавеку патрэбы быць здаровым праз адмову ад ужывання алкаголю.
У 2014 г. прадстаўнікі арганізацыі звярнуліся да пробашча мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай кс. каноніка Францішка Рудзя з просьбай падтрымаць іх сацыяльную ініцыятыву і даць магчымасць праводзіць сустрэчы ў адным з памяшканняў пры касцёле.
Нягледзячы на тое, што ў той час у касцёле яшчэ праводзіліся будаўнічыя працы, ініцыятыва знайшла падтрымку.
Арганізацыя дзейнічае ў асноўным па дзвюх праграмах: «Першы крок» і «Адраджэнне». Як паказала практыка, у праграмах праходзяць рэабілітацыю ў асноўным людзі сярэдняга ўзросту і рознага сацыяльнага статусу. Яны спрабавалі самыя розныя спосабы адмовы ад ужывання алкаголю на працягу некалькіх гадоў.
Як правіла, у групу прыходзяць людзі, якія зрабілі першы крок. Яны прызналі сваю залежнасць ад алкаголю і хочуць змяніць жыццё. Кожны, хто трапляе ў супольнасць, праходзіць праграму 12-і крокаў. Уся праграма будуецца на самадапамозе, самааналізе, спробе перабудаваць уласны ўнутраны свет. Найбольш напоўнены сэнсам апошні, 12-ы крок праграмы. Чалавек, які дасягнуў стабільнай цвярозасці, сам становіцца настаўнікам для сабратоў, якія трапілі ў алкагольную залежнасць. Дарэчы, узаемная падтрымка адыгрывае важную ролю ў праграме.
Алкагалізм — цяжкае духоўнае захворванне, якое суправаджаецца глыбокімі пашкоджаннямі псіхасаматычнага характару. Яго лячэнне немагчымае без усведамлення чалавекам духоўнай прыроды сваёй хваробы.
У гэтым вялікую дапамогу аказвае Бог праз дзеянні святара, блізкіх людзей і спецыялістаў.
За пяць гадоў відаць заўважны вынік сустрэч у групах. Гэты сацыяльны праект працуе і вельмі патрэбны тым, хто стаіць на пачатку свайго шляху духоўнага аздараўлення.