Пошук

22.08.2019 11:19   Паводле: Леанід Сухі / Naracz.by / Відэа: vedaj.by / Catholic.by

Касцёл св. Андрэя, апостала, у Нарачы. Фота: vedaj.by

Сёлета парафія ў Нарачы, колішнім Кабыльніку, адзначае 585-ю гадавіну пабудовы тут першага драўлянага касцёла, а таксама 115-ю гадавіну кансэкрацыі цяперашняй святыні, якую асвяціў біскуп-барон і ў якой была ахрышчана жонка былога польскага прэзідэнта.

Каб больш даведацца пра гісторыю свайго касцёла, нарачанцы не толькі распыталі сваіх бабуль, але і наведалі Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў у Вільні, дзе знайшлі цікавыя дакументы.

Між іншым, менавіта ў сталіцы суседняй краіны захоўваецца справа аб пабудове новага касцёла ў Кабыльніку, і не дзіва: Нарачаншчына — гэта землі даўняга Віленскага краю.

З дакументаў вынікае, што будаўніцтва святыні было звязана са шматлікімі перыпетыямі. Так, першапачаткова планавалася будаваць касцёл не з цэглы, а з бутавага каменя — таго ж матэрыялу, з якога за паўстагоддзя да гэтага ў Кабыльніку была пабудавана праваслаўная царква святога прарока Іллі.

Гісторыя пабудовы мураванага касцёла пачынаецца з рапарта пробашча кабыльніцкай парафіі кс. Ігнацыя Расалоўскага, прадстаўленага ў Віленскую рыма-каталіцкую духоўную кансісторыю — своеасаблівае дзяржаўнае ведамства, якое ў Расійскай імперыі займалася пытаннямі веравызнанняў, накшталт сённяшняга апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

У згаданым рапарце, датаваным 11 ліпеня 1895 года, святар піша:

«Паколькі даручаны мне парафіяльны касцёл у мястэчку Кабыльнік Свянцянскага ўезду, як відаць з дакументаў, пабудаваны ў 1463 годзе з дрэва, стары і ў дрэнным стане, і пры гэтым па сваім аб’ёме не адпавядае пяцітысячнай колькасці вернікаў кабыльніцкай парафіі, так што ў святочныя і ўрачыстыя дні большая частка народу падчас набажэнства вымушана знаходзіцца на адкрытым паветры пад уплывам шкодных для здароўя дажджу, завірухі, марозу і да т. п., то, бачачы скрайнюю неабходнасць замяніць стары знішчаны драўляны будынак больш моцным і змястоўным каменным, парафіяне гэтага касцёла ўсіх станаў выказваюць гатоўнасць па магчымасці ахвяраваць грошы, матэрыялы і працоўныя сілы на пабудову новай каменнай святыні Божай замест той, якая існуе, знішчанай і старой».

Стары касцёл у Кабыльніку. Гравюра А.Ромэра XIX ст. Выява: Naracz.by

Далей пробашч піша, што намаганні па будаўніцтве новага касцёла распачаў яшчэ яго папярэднік, кс. А. Грэковіч, а таксама прыкладае да рапарту наступныя дакументы: план старога касцёла і праект новага, каштарыс пабудовы новага касцёла, подпісы паноў і шляхты, а таксама рашэнне сялянаў кабыльніцкай парафіі аб згодзе прыняць на сябе кошт пабудовы, які складаў вялізную па тых часах суму — 10619 рублёў 11 капеек.

«Маю гонар прасіць кансісторыю схадайнічаць дазвол на пабудову новага мураванага касцёла замест існуючага драўлянага, старога і знішчанага»,— завяршае свой рапарт ксёндз Расалоўскі.

Праект новага касцёла ў Кабыльніку і план старога. Фота: Naracz.by

Аднак далейшая перапіска пробашча з кансісторыяй паказвае, што ўлады не спяшаліся даваць дазвол на пабудову. Станоўчае рашэнне па гэтым пытанні было прынятае толькі 8 студзеня 1897 г. Крыху пазней праект мураванага касцёла з бутавага каменя быў адобраны будаўнічым аддзяленнем Віленскага губернскага праўлення. У тым самым годзе распачалося будаўніцтва новай святыні і 2 верасня быў асвячоны фундамент.

Аднак у працэсе будаўніцтва змяніліся планы і праект будучай святыні. 26 лютага 1898 года кс. Ігнацый Расалоўскі рапартуе:

«Праект новага касцёла складзены з бутавага каменя і без скляпенняў, між тым, як пабудову плануецца выканаць з цэглы і са скляпеннямі».

Новапабудаваны касцёл. Фота пачатку ХХ ст. з сайта radzima.net

Былі перададзены на зацвярджэнне новыя план і каштарыс касцёла ўжо на суму 18795 рублёў 80 капеек. Перароблены праект цаглянага касцёла быў зацверджаны 2 жніўня 1899 года.

Ужо праз два гады, 4 жніўня 1901 года, будаўніцтва было завершана, акрамя ўнутранага ўбрання.

Яго планавалася зрабіць з дрэва, з якога быў пабудаваны стары касцёл, дзеля чаго старажытную святыню разабралі.

Рапарт аб заканчэнні пабудовы новага касцёла з просьбай разабраць старую святыню. Фота: Naracz.by

9 верасня 1901 года новы касцёл быў благаслаўлёны ксяндзом Ігнацыем Расалоўскім з дазволу Віленскага біскупа Стэфана Аляксандра Звяровіча.

Касцёл святога Андрэя, апостала, у Кабыльніку быў урачыста кансэкраваны 25 ліпеня 1904 года Віленскім біскупам Эдвардам фон Ропам, баронам па паходжанні, які ў страшныя гады кастрычніцкага бальшавіцкага перавароту быў арцыбіскупам Мітрапалітам Магілёўскім і імкнуўся супрацьстаяць рэпрэсіям савецкай улады, за што неўзабаве быў арыштаваны і высланы.

Біскуп Эдвард фон Роп. Фота: oldvladikavkaz.livejournal.com

Акрамя таго, з нарачанскай святыняй связана жыццё яшчэ адной вядомай асобы, а менавіта жонкі былога польскага прэзідэнта Леха Качынскага Марыі, якая разам са сваім мужам загінула ў жудаснай авіякатастрофе пад Смаленскам.

Марыя Алена Мацкевіч, дачка Чэслава Мацкевіча і Лідзіі Пішчакі, нарадзілася 21 жніўня 1942 года ва ўрочышчы Махава пад Кабыльнікам і была ахрышчана 27 верасня ў мясцовым касцёле святога Андрэя, апостала, тагачасным пробашчам кабыльніцкай парафіі ксяндзом Казімірам Паўловічам.

Паколькі дом сям’і Мацкевічаў — леснічоўка ў ваколіцах Нарачы — да сённяшняга дня не захавалася, адзіным месцам для ўшанавання памяці Марыі Качынскай з’яўляецца касцёл, у якім яна прыняла сакрамэнт святога хросту.

Марыя Качынская. Фота: ONS.pl

22 жніўня з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, а таксама афіцыйных асобаў Беларусі і Польшчы, у касцёле была адкрыта незвычайная мемарыяльная дошка. Яна выканана ў форме разгорнутай кнігі з крыжам у верхняй частцы, пад якім на беларускай і польскай мовах напісана:

«У гэтым касцёле 27 верасня 1942 года была ахрышчана Марыя Качынская (Мацкевіч), якая нарадзілася 21 жніўня 1942 г. у Махаве на тэрыторыі мясцовай парафіі, жонка прэзідэнта Рэспублікі Польшча Леха Качынскага».

Урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў памяць Марыі Качынскай, прымеркаванае да 77-й гадавіны з дня яе нараджэння, адбылося ўвечары пасля святой Імшой, цэлебрацыю якой у інтэнцыі ўсіх ахвяраў авіякатастрофы пад Смаленскам узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Нямецкія жаўнеры на фоне касцёла падчас Першай сусветнай вайны. Фота: F._Krauskopf, 1916 г. / Naracz.by.

Абноўлена 23.08.2019 10:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.