16 жніўня маладыя вернікі парафіі св. Антонія Падуанскага ў Мар’інай Горцы здзейснілі аўтобусную пілігрымку ў Гродна.
Пра гэта распавядае ўдзельніца пілігрымкі Антаніна Кучынская (12 гадоў):
Гародня, Гродна… Назва гэтага цудоўнага горада над Нёманам вядомая не толькі кожнаму жыхару Беларусі, а і далёка за межамі нашай краіны. Вось сюды 16 жніўня і накіравалася аўтобусная пілігрымка з маладымі парафіянамі касцёла св. Антонія Падуанскага. Шмат цікавага даведаліся мы падчас гэтага падарожжа. Мы спазналі Гродна з каталіцкага боку.
Па-першае, зразумела, мы наведалі велічны касцёл св. Францішка Ксавэрыя, ці, па-іншаму, Фарны. Знаходзіцца ён у самым цэнтры Гродна і з’яўляецца сапраўднай пярлінай гэтага горада. Пабудавалі Фарны касцёл езуіты на мяжы XVII–XVIII стст.
Прыгажосць гэтага касцёла немагчыма перадаць ніякімі словамі. Калі тут знаходзішся, сэрца замірае ад неверагодных пачуццяў.
У Фарным касцёле нас гасцінна сустрэў пробашч кс. Ян Кучынскі. Спачатку ён распавеў пра гісторыю святыні, пра жыццё езуітаў у Гродне. Мне здаецца, што Фарны касцёл у Гродне — самы вялікі і прыгожы на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Ёсць у касцёле і старажытны арган, які езуіты прывезлі з Кёнігсберга і ўсталявалі на цяперашнім месцы ў 1744 г. Як жа прыгожа гучыць гэты арган! Яго гучанне нават спецыялісты лічаць надзвычай мілагучным і каштоўным.
Затым мы памаліліся перад цудатворным абразом Маці Божай Студэнцкай, просячы ў Яе апекі ў новым навучальным годзе.
Мяне і маіх сяброў вельмі ўразіў сваёй велічнасцю галоўны алтар Фарнага касцёла. Кожная фігура на ім зроблена з незвычайнай дбайнасцю і любоўю. Здаецца, не адну гадзіну маглі б мы правесці за разгляданнем цудоўнага алтара. Але час клікаў нас далей…
Ксёндз Ян Кучынскі паспяшаўся адкрыць нам яшчэ адну таямніцу Фарнага касцёла і па вітой лесвіцы, схаванай у сцяне, завёў нас да старажытнага вежавага гадзінніка. Гэты гадзіннік мае тры цыферблаты, якія накіраваны на тры бакі свету.
Такі ж старажытны гадзіннік захоўваецца ў Лондане, у музеі навукі, але ён не дзейнічае. А гадзіннік з Гродна па-ранейшаму ідзе! Згадзіцеся, ці гэта не сапраўдны цуд? З вежы, як на далоні, нам быў бачны ўвесь Стары горад.
Мы пакінулі Фарны касцёл, атрымаўшы ад яго пробашча ў падарунак каштоўную кнігу, але не развіталіся з гісторыяй езуітаў у Гродне. Каля касцёла цудоўным чынам захаваўся будынак былой езуіцкай аптэкі. Зараз тут дзейнічае адзіная на Беларусі аптэка-музей, якую мы з задавальненнем наведалі. Тут мы не толькі пабачылі старыя аптэкарскія вагі і посуд, але і даведаліся аб лячэбнай дзейнасці езуітаў, якія сваімі лекамі дапамаглі не адной тысячы чалавек і нават стварылі ўласныя новыя лекі.
Пасля наведвання аптэкі-музея мы пакінулі езуіцкі квартал, але знаёмства з каталіцкай гісторыяй Гродна на гэтым не скончылася. Мы вырушылі ў бок Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Па дарозе мы наведалі францішканскі касцёл, дзе ў двары пабачылі самы вялікі і магутны ў Гродне дуб-волат, ствол якога ледзь-ледзь маглі абхапіць усе разам. Пабачылі і старажытны лямус, мост над Нёманам.
Увогуле, нам здавалася, што кожны крок па вуліцах Гродна кліча нас у глыбіню стагоддзяў і дапамагае раскрыць чарговую старажытную таямніцу.
Увечары нас сустрэлі гасцінныя сцены Гродзенскай семінарыі, дзе мы мелі пасілак і начлег. Кіраўніцтву семінарыі мне хочацца выказаць асаблівую падзяку за сардэчны прыём нашай дружнай групы.
Раніцай наша вандроўка працягнулася. Мы наведалі Стары замак, які пабудаваў кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый і ў якім пражываў каралевіч Казімір, сёння святы. Таксама мы наведалі Новы замак — месца адрачэння ад пасаду караля Польшчы Станіслава Панятоўскага.
Тут мы развіталіся з горадам Гродна, але памяць аб ім назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах. Спадзяемся, што яшчэ неаднойчы мы наведаем гэты цудоўны горад на беразе Нёмана, спазнаем ягоныя таямніцы, памолімся ў яго святых месцах.